Новае ў заканадаўстве. Што зменіцца для сем’яў з дзецьмі з 2025 года?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон ад 8 ліпеня 2024 года № 25-З “Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўных дапамог сем’ям, якія гадуюць дзяцей”.

Ён уступіць у сілу з 1 студзеня 2025 года.

Асноўныя змяненні патлумачыла начальнік раённага сектара Гродзенскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Марыя Жыдко:

– Закон скіраваны на ўзмацненне падтрымкі сем’яў з дзецьмі. Так, з 1 студзеня 2025 года зменіцца мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах для жанчын, за якіх не выплачваліся страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне ў бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, але якія маюць права на гэты від дапамогі. Гэта студэнткі, навучэнкі, жанчыны, якія праходзяць службу, а таксама зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных. Для іх дапамога павялічыцца з 50 % да 100 % бюджэту пражытачнага мінімуму ў месяц.

Для жанчын, якія працуюць па працоўных дагаворах (кантрактах) і не маюць шасці месяцаў стажу работы – гэта маладыя спецыялісты або работнікі, якія пачынаюць працоўную дзейнасць, – дапамога вырасце з 50 % бюджэту пражытачнага мінімуму да 100 %, заўважце, мінімальнай заработнай платы ў месяц. Важна адзначыць, што жанчыны, якія працуюць, будуць мець права на мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах у памеры 100 % мінімальнай заработнай платы толькі ў тым выпадку, калі ў разліковым перыядзе – за 18 папярэдніх месяцаў – абавязковыя страхавыя ўзносы за іх выплачаны з сумаў не ніжэйшых за памер мінімальнай заработнай платы. Пры выплаце страхавых узносаў з заработнай платы або іншага даходу, якія былі ніжэйшыя за мінімальную зарплату, дапамога па цяжарнасці і родах будзе разлічвацца з фактычнай заработнай платы або даходу, з якіх гэтыя ўзносы выплачаны.

Новы нарматыўны акт таксама прадугледжвае павелічэнне мінімальнага памеру дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці для працуючых асобаў, якія не маюць шасці месяцаў стажу работы, з 50 % бюджэту пражытачнага мінімуму да 100 % мінімальнай заработнай платы.

Навацыі закрануць назначэнне дапамог на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў. Да іх адносяцца сем’і, дзе гадуецца дзіця-інвалід да 18 гадоў; дзіця да 18 гадоў, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека; дзе бацька (айчым) праходзіць тэрміновую ваенную або альтэрнатыўную службу; абодва бацькі з’яўляюцца інвалідамі I або II групаў, а таксама калі адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам I групы, а другі ажыццяўляе яго догляд.

У прыватнасці, законам прадастаўлена права на прызначэнне гэтай дапамогі сем’ям з непаўналетнімі дзецьмі, дзе дзіця-інвалід дасягнула ўзросту 18 гадоў, яму ўстаноўлена І група інваліднасці, і адзін з бацькоў ажыццяўляе яго догляд з атрыманнем ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне дапамогі па доглядзе.

Таксама прадастаўлена права на назначэнне гэтай дапамогі на дзіця старэйшае за 3 гады, якое гадуецца ў сям’і маці, калі бацька дзіцяці абавязаны выплачваць аліменты і праходзіць тэрміновую ваенную службу, альтэрнатыўную службу.

Узмацняецца сацыяльная падтрымка сем’яў, дзе гадуецца дзіця-інвалід. Так, законам прадугледжана прадастаўленне бацькам права на атрыманне ўсіх дзяржаўных дапамог у перыяд кароткачасовага знаходжання дзіцяці-інваліда ў доме дзіцяці ў сувязі з аказаннем паслугі медыка-сацыяльнай дапамогі.

Акрамя таго, пашыраюцца правы на атрыманне дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці-інваліда на перыяд яго санаторна-курортнага лячэння, медыцынскай рэабілітацыі, калі ў сям’і некалькі дзяцей-інвалідаў. У такім выпадку даецца права на атрыманне дапамогі іншай асобе (не бацькам), калі адзін з бацькоў заняты доглядам другога свайго дзіцяці-інваліда, або дзвюх дапамог, калі абодва дзіцяці-інваліды ў адзін перыяд маюць патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні, рэабілітацыі і іх суправаджаюць розныя асобы.

У адносінах да дзяцей з інваліднасцю захаваны дзеючыя ўмовы – дапамога на іх прызначаецца да дасягнення ўзросту 18 гадоў незалежна ад навучання, формы атрымання адукацыі і яе аплаты.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga