Памяць пакідае свае сляды – у душах, сэрцах, архівах і экспазіцыях музеяў.
А яшчэ ва ўспамінах родных і блізкіх, сяброў і прыяцеляў.
Такі след ёсць у памяці ўнука Барыса Булата, Героя Савецкага Саюза, начальніка штаба, а потым камандзіра Ленінскай партызанскай брыгады, што дзейнічала ў лясах Ліпічанскай пушчы на тэрыторыі нашага раёна. Аляксандр Булат разам з жонкай Аленай завітаў 3 ліпеня ў Дзятлава па запрашэнні дырэктара Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргея Каско, а мне пашчасціла пазнаёміцца з гэтай парай дзякуючы таму, што вазіла іх і нашчадкаў хутараніна Пуйты, у чыім доме быў падпісаны загад аб стварэнні брыгады, у Ліпічанскую пушчу, на месца дыслакацыі партызанскага шпіталя. І, безумоўна, увесь час размаўляла ды выпытвала цікавыя факты з жыцця легендарнага камандзіра.
Па-першае, хачу сказаць, што памяць пра дзеда ў сям’і захоўваецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Тая памяць, што жывіць род, не дае забыць, хто нашы продкі і што ім давялося прайсці, каб на зямлі быў мір і спакой.
А па-другое, людзі гэтыя – проста малайцы. Ім усё цікава, яны не шкадуюць сіл і часу, каб спасцігнуць нешта новае не толькі пра свайго дзеда, але і пра мясціны, дзе ён ваяваў, рызыкаваў жыццём дзеля свабоды Беларусі, нягледзячы на тое, што сам быў рускім чалавекам, туляком.
Якім жа помніць Барыса Булата яго ўнук Аляксандр? У першую чаргу, вельмі строгім і паслядоўным, сапраўдным мужчынам, для якога не існавала слова “не магу”. І хаця Аляксандр быў любімым унукам Барыса Адамавіча, але спуску не меў, дзед патрабаваў дысцыпліны і выканання асноўных маральных прынцыпаў ад яго без усялякіх паблажак.
– У 1944 годзе дзядуля звольніўся ў запас, вярнуўся ў сталіцу БССР і быў прызначаны намеснікам старшыні Менгарсавета, – расказвае Аляксандр Булат. – На гэтай пасадзе ён адпрацаваў амаль два гады. У 1947-м узначаліў Мінскі велазавод, а яшчэ праз чатыры гады – “Камунарку”. Менавіта яму мы павінны быць удзячныя за набор “Шакаладныя бутэлечкі”, цукеркі “Грыльяж у шакаладзе”, “Сталічныя”, “Суфле”, “Чырвоная шапачка” і шакалад “Алёнка”. На “Камунарцы” дзядуля працаваў да 1973 года. І вось якая цікавая гісторыя мне ўспамінаецца. Аднойчы, недзе ў канцы 1960-х, на майскія святы, у двары Камунаркі збіралася калона для шэсця па Мінску. І нехта з работнікаў даў майму бацьку проста з канвеера шакаладку. Той радасна падбег да бацькі і пахваліўся, а ён як заляпіў яму аплявуху са словамі: “Не бяры чужога! У сям’і Булатаў прынцып: не бяры чужога ніколі ні ў дзяржавы, ні ў чалавека!”
Героі, партызаны, сапраўдныя камуністы жылі па прынцыпах, якія засвоілі ў цяжкіх жыццёвых выпрабаваннях. І тыя прынцыпы дапамагалі выстаяць і перамагчы ворага. Яны ж потым, у мірны час, перадаваліся маладому пакаленню, напэўна, па сённяшніх мерках, грубавата, рэзка, але справядліва.
Аляксандр успамінае:
– Не ўсе партызаны, асабліва ў першы год вайны, адрозніваліся дысцыплінай. Дзядуля як кадравы афіцэр не цярпеў разгільдзяйства. Ён умеў трымаць парадак. Быў нейкі сямейны юбілей. Мы выйшлі з бацькам пакурыць, і той расказаў наступнае. У адным з баёў партызаны адбілі ў фашыстаў тры вялікія чамаданы з залатымі кольцамі, ланцужкамі, зубнымі каронкамі, якія, напэўна, належалі вязням гета і канцлагераў. Пра тое, што ўнутры, ведалі толькі дзед і начальнік разведкі атрада. Дзед паведаміў у цэнтр аб трафеі, і хутка з Масквы прыляцеў нейкі камісар. Аднак немцы пайшлі ў наступ, і яны ўтрох закапалі чамаданы ў лесе. Праз некалькі дзён пайшлі іх даставаць і выявілі, што чамаданы зніклі.
Дзед быў упэўнены ў сваім камандзіры разведкі, а вось дасланага камісара з Масквы вырашылі негалосна праверыць. І аказалася, што ён родам з гэтых месцаў. Паслалі байцоў па вёсках даведацца пра абстаноўку, і тыя хутка высветлілі, што ў навакольных вёсках гандаль золатам у поўным разгары. У выніку дзед асабіста расстраляў гэтага камісара перад строем. Калі сітуацыя патрабавала, ён быў цвёрдым.
Ад Аляксандра я даведалася, што ў пачатку вайны Барыс Адамавіч быў цяжка паранены і яму аднялі руку. Камандаваў ён Ленінскай брыгадай без рукі, а потым, у снежні 1943-га, галоўны хірург Лідскага партызанскага злучэння Юрый Тайц ва ўмовах Налібоцкай пушчы вырабіў са скуры 60-сантыметровы пратэз. З гэтага часу Барыс Адамавіч мог змагацца з ворагам са зброяй у абедзвюх руках.
– Апошнія 10 гадоў жыцця дзядуля цяжка хварэў, – расказвае Аляксандр Булат, – і бабуля Сафія была для яго сапраўдным анёлам-ахоўнікам. Дарэчы, яна ў 1930-х гадах вучылася ў Маскоўскім дырыжаблебудаўнічым інстытуце. Рыхтавалі ў ім выдатных спецыялістаў. Але бабуля прысвяціла сваё жыццё мужу і сям’і. Пасля вайны яны жылі ў Мінску. Там дзядуля і памёр 27 сакавіка 1984 года. Пахавалі яго ў сталіцы на Усходніх могілках.
Героі адыходзяць, але памяць пра іх жыве ў назвах плошчаў і вуліц, у экспазіцыях музеяў, на старонках газет і часопісаў. У гонар Героя Савецкага Саюза Барыса Булата названы вуліцы ў Гродне, Лідзе, Дзятлаве. А ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску ёсць экспазіцыя, прысвечаная герою-партызану.
Вялікі дзякуй Вам, Аляксандр, за размову і магчымасць яшчэ раз прыгадаць тых, хто ваяваў на Дзятлаўшчыне і вызваляў яе ў далёкім 1944 годзе. Вечная Слава героям!
Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga