На Дзятлаўшчыне, згодна з праграмай “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека” на 2021-2025 гады, стартавала традыцыйная акцыя “Збяром дзяцей у школу”.
Хто можа разлічваць на матэрыяльную падтрымку да новага навучальнага года, расказала начальнік аддзела адукацыі Марына Лашкоўская.
– Гэты від дапамогі скіраваны на матэрыяльную падтрымку шматдзетных сем’яў, дзе на ўтрыманні знаходзіцца трое і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў.
Аднаразовая матэрыяльная дапамога ў рамках дзяржпраграмы выплачваецца аднаму з бацькоў у поўнай і няпоўнай сям’і або ўсынавіцелю (удачарыцелю), апекуну (папячыцелю), калі апека ў заканадаўчым парадку ўстаноўлена на перыяд часовай адсутнасці бацькоў ці аднаго з іх. Аднак, такая выплата не распаўсюджваецца на “сямейныя” формы ўладкавання дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў (прыёмныя і апякунскія сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу).
Сёлета ўдзел у акцыі прымуць і атрымаюць аднаразовую грашовую выплату 592 навучэнцы, якія вучацца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі (на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі) з 247 шматдзетных сем’яў Дзятлаўскага раёна.
Выплата матэрыяльнай дапамогі да навучальнага года вызначаным катэгорыям сем’яў на кожнага навучэнца ажыццяўляецца ў памеры 30 % бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае на 1 жніўня каляндарнага года.
Такія выплаты, згодна з рашэннем райвыканкама, будуць здзяйсняцца ў жніўні.
Дапамогу па набыцці школьных рэчаў плануецца таксама аказаць непаўналетнім з малазабяспечаных сем’яў, дзіцячага дома сямейнага тыпу, прыёмным, апякунскім сем’ям і тым, дзе гадуюцца дзеці-інваліды. Дзеля гэтага мяркуецца выкарыстоўваць дапамогу ўстановаў, прадпрыемстваў, арганізацый раёна, у тым ліку прафсаюзных. Традыцыйна актыўны ўдзел у акцыі “Збяром дзяцей у школу” прымуць грамадскія аб’яднанні – Беларускі дзіцячы фонд, Беларускі саюз жанчын, “Белая Русь”, Таварыства Чырвонага Крыжа, Фонд міру і нераўнадушныя грамадзяне.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#школа #акция #соберем_детей_в_школу