Дзелавы панядзелак. На нарадзе: стыхія стварае разруху ў прыродзе, беспрацоўе – ва ўчынках чалавека

Важнае Улада

Ліквідацыя наступстваў непагадзі, прыпыненыя работы на жніве і падрыхтоўцы глебы да сяўбы азімых, працаўладкаванне беспрацоўных, падрыхтоўка да ацяпляльнага перыяду – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Цыклон за цыклонам

Надвор’е не радуе. Адключэнне электраэнергіі, падзенне дрэў – такая інфармацыя штодня “гуляе” па ўсіх СМІ і сацыяльных сетках краіны. 28-29 ліпеня Дзятлаўскі раён таксама “зачапіў” чарговы цыклон. За лічаныя хвіліны моцныя парывы ветру павалілі дрэвы і “абясточылі” сем населеных пунктаў. Ратаўнікі аказваюць дапамогу ў распілоўцы і ўборцы паваленых і аварыйных дрэў. Для аднаўлення электразабеспячэння былі задзейнічаны аварыйныя брыгады электрасетак. Пад поўдня панядзелка падача электраэнергіі была адноўлена.

Старшыня райвыканкама заўважыў, што аператыўна прыняць меры па аднаўленні работы аб’ектаў жыццядзейнасці – гэта яшчэ не ўсё, неабходна на месцах масавага знаходжання грамадзян, вучобы і адпачынку дзяцей, вытворчых аб’ектах правесці абследаванне дрэў, аварыйныя – ліквідаваць. Акцэнтаваў увагу на гэтым і пракурор раёна Віталій Юрго. Дарэчы, на мінулым тыдні камісійна з ініцыятывы пракуратуры раёна была абследавана тэрыторыя санаторыя “Баравічок”, выяўлены “небяспечныя” насаджэнні, састаўлена адпаведнае прадпісанне аб іх аператыўнай ліквідацыі.

Падрыхтоўка да сяўбы

Аграрыі на фоне непагадзі прыпынілі дзейнасць у палях. Між тым задачы і планы ёсць, чакаюць сваёй рэалізацыі, адставанне пакуль невялікае, крыху “падсохне”, і работы адновяцца. Жніво ў раёне ідзе поўным ходам, рыхтуюць гаспадаркі глебу для будучай сяўбы. Дарэчы, сяўбу азімага рапсу плануюць пачаць 1 жніўня. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы сёлета збіраюцца павялічыць пасяўныя плошчы. Напрыклад, на 284 гектары больш будзе рапсу, на 400 гектараў – зерневых.

На сёння Андрэй Садоўскі абазначыў дзве гаспадаркі, якія выклікаюць трывогу з-за невысокага тэмпу ворыва: ААТ “Граніт-Агра”, КСУП “Жукоўшчына”. Ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама атрыманы завярэнні, што вызначаныя прадпрыемствы наросцяць тэмп і справяцца з пастаўленымі задачамі. Таксама ва ўпраўленні пацвердзілі, што ўсе гаспадаркі раёна забяспечаны насенным матэрыялам для пачатку сяўбы.

Да ацяпляльнага сезона гатовы?

Пакуль гэты сказ гучыць на нарадзе з пытальнікам напрыканцы. На жаль, некаторыя арганізацыі і прадпрыемствы ўжо парушылі графікі атрымання пашпартоў гатоўнасці да ацяпляльнага сезона. Андрэй Уладзіміравіч даў загад прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці кіраўнікоў гэтых прадпрыемстваў, настойліва рэкамендаваў свайму намесніку Дзмітрыю Баравіку, які курыруе сферу будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, не зніжаць увагі і кантролю па гэтым пытанні.

– Усё павінна быць згодна з графікамі. Мы зацвярджалі іх на пасяджэнні райвыканкама. Патрабаванне за іх невыкананне будзе не толькі ад вышэйстаячых органаў, але ў першую чаргу ад жыхароў раёна. Наша галоўная задача – забяспечыць камфортныя ўмовы жыцця дзятлаўчан, таму і я пытаю з вас строга, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Хто не працуе, той пераступае закон

Сярод тых, хто ўчыніў злачынства, стала больш людзей, у якіх няма крыніцы даходу, гаворыцца ў справаздачы аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. Не атрымліваючы зарплату, яны ўсё ж такі павінны неяк задавальняць базавыя патрэбы, таму часта ідуць на маёмасныя злачынствы: крадзяжы, рабаванні, разбоі.

– З гэтай катэгорыяй грамадзян неабходна папрацаваць. Зрабіце аналіз падобных правапарушэнняў, збярыце камісію па садзейнічанні занятасці. Суб’ектам прафілактыкі неабходна арганізаваць удзел грамадзян, не занятых у эканоміцы, у прафілактычных мерапрыемствах, аказаць ім садзейнічанне ў працаўладкаванні, праходжанні супрацьалкагольнага лячэння, правесці з імі прафілактычную работу па месцы жыхарства. У дачыненні да асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, пры наяўнасці падстаў, прыміце меры па накіраванні ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі для медыка-сацыяльнай рэадаптацыі з абавязковым прыцягненнем да працы, – паставіў задачу зацікаўленым службам кіраўнік раёна.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: