Дзелавы панядзелак. На нарадзе: аб надзвычайных здарэннях і зваротах грамадзян

Важнае Улада

Вынікі работы экстранных службаў за паўгоддзе, арганізацыя бяспекі на жніве, малочны “дысбаланс” у гаспадарках, бур’ян на фермерскіх угоддзях – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Гараць і тонуць

Вынікі шасці месяцаў падвялі ратаўнікі. На абласной нарадзе, якая папярэднічала раённай, было адзначана, што за гэты перыяд на дапамогу людзям падраздзяленні МНС выязджалі больш за чатыры тысячы разоў. На Гродзеншчыне адбылося 245 пажараў, ахвярамі агню сталі 30 чалавек, з іх 16 – з-за непагашанай цыгарэты. На вадаёмах загінулі 17 чалавек, з іх 7 – у чэрвені, з пачаткам купальнага сезона, 10 – выратаваны.

На бягучым тыдні раённы аддзел чакае абласных гасцей на падвядзенне вынікаў сваёй работы за першае паўгоддзе. Асноўнае, на чым цяпер засяроджана ўвага дзятлаўскіх ратаўнікоў – рэйдавыя мерапрыемствы па аб’ектах уборачнай кампаніі, супрацьпажарнае прыкрыццё сельгастэхнікі на палях, кантроль за своечасовым навучаннем і адпрацоўкай работнікамі прадпрыемстваў алгарытмаў паводзінаў пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый. Клапоцяцца ратаўнікі і пра катэгарыраваныя групы грамадзян, прадаўжаюць наведваць іх домаўладанні. Удзельнічаюць у сумесных рэйдах з супрацоўнікамі АСВОД і членамі БРСМ “Летні патруль” па вадаёмах раёна.

– Больш выязджайце на аб’екты, дзе купанне забаронена. Спякота, людзі “цягнуцца” да вады. Небяспека менавіта там, на несанкцыянаваных “купальнях”. Старшыні сельвыканкамаў таксама добра ведаюць гэтыя месцы, неабходна іх наведваць, – паставіў задачу Андрэй Садоўскі.

Сітуацыя будзе “распаляцца”

Павышэнне тэмпературнага рэжыму дае аб сабе ведаць і ў сельскай гаспадарцы: як у плане небяспекі ўзгаранняў на пажніўных астатках, лясных пажараў, так і ў пераносным сэнсе па актыўнасці сельгасработ. Гаспадаркі ўваходзяць у актыўную фазу жніва, пры гэтым прадаўжаюць работы з кармавой базай, “пробнікі” лёну здадзены на аналіз “спеласці” валакна – хутчэй за ўсё, па словах першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі, уборка гэтай культуры будзе ранняй.

Заўвагі ў адрас КСУП “Жукоўшчына” прагучалі ад кіраўніка раёна па вытворчасці малака. Некалькі апошніх тыдняў гаспадарка мінусуе. Да вырашэння праблем падключыліся спецыялісты ўпраўлення, цяпер жывёле карэктуюць рацыён харчавання.

Спатыкаемся на прамой дарозе

Звароты грамадзян – яшчэ адна тэма як абласной, так і раённай нарадаў. Усяго па Гродзеншчыне за шэсць месяцаў органы ўлады прынялі 4 522 звароты грамадзян, 68 з іх – у Дзятлаўскім раёне. Назіраецца рост колькасці пісьмаў праз электронныя сістэмы. Самымі набалелымі для людзей застаюцца пытанні сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, транспарту, землеўпарадкавання. На Дзятлаўшчыне такая статыстыка: 50 % зваротаў грамадзян датычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Як падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч, большасць з іх – аб’ектыўныя, пры гэтым адказнасць за невыкананне пэўных работ ляжыць не толькі на кіраўніку ЖКГ, але і на яго падначаленых.

– Мы спатыкаемся на прамой дарозе. Функцыянуюць участкі ў Наваельні, Казлоўшчыне, Гезгалах. Недапушчальна, каб там людзі скардзіліся на непакошаныя тэрыторыі каля шматпавярховак і іншыя элементарныя пытанні па навядзенні парадку, – звярнуўся старшыня райвыканкама да дырэктара РУП ЖКГ Васіля Пецюка. – Займайцеся  могілкамі, распрацуйце сістэму выдалення аварыйных дрэваў і абкошвання, абазначце кожнаму ўчастку фронт работ.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: