Дзелавы панядзелак. На нарадзе: папраўкі на надвор’е не прымаюцца

Важнае Улада

Уборачная кампанія, пажары і ўтапленні, падрыхтоўка да Дня Незалежнасці – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

На першы план галоўных вытворчых тэм ліпеня выходзіць сельская гаспадарка. Тэхніка прадпрыемстваў раёна гатова да масавага жніва. Усе гаспадаркі ўключыліся ва ўборку азімага ячменю, 50 % плошчаў ужо ўбрана. Праз тыдзень прыступяць да ўборкі рапсу. Нарыхтавана 150 % да ўзроўню мінулага года травяных кармоў. Рост вытворчасці малака складае 114 %.

– Адзінае, што сёння непакоіць – падзеж жывёлы ў ТАА “РоданАгра”, “РоданАграПол”. У нашай ветэрынарнай службы адказны падыход і дастаткова паўнамоцтваў, каб разабрацца з сітуацыяй, – адзначыў Андрэй Садоўскі.– Што датычыцца ўборачнай кампаніі, думаю, яна пройдзе актыўна. Папраўкі на надвор’е не будуць прымацца. Лічу, што яны і не спатрэбяцца, паколькі пад кантролем спецыялістаў і тэхніка, і стан пасеваў.

У працяг тэмы сельскагаспадарчай “вылілася” і другое пытанне – супрацьстаянне надзвычайным здарэнням. На Гродзеншчыне ўжо фіксуюцца першыя ўзгаранні “ў палях”: як тэхнікі (з-за праблем з электрыкай), так і пажніўных астаткаў (з-за чалавечай шкоднасці). Кіраўнік раёна паставіў задачу ратаўнікам не зніжаць пільнасці, праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы на аб’ектах аграпрамысловага комплексу. Патрэбна звяртаць увагу на наяўнасць пярвічных сродкаў пажаратушэння на сельскагаспадарчай тэхніцы, уменне работнікамі прымяняць іх і своечасова рэагаваць на ўзніклыя экстранныя сітуацыі, правяраць аснашчанасць задзейнічанай на ўборцы тэхнікі іскрагасільнікамі і захаванне супрацьпажарнага рэжыму ўсімі ўдзельнікамі ўборачнай кампаніі.

Таксама абмеркавалі вынікі развіцця эканомікі. За пяць месяцаў выкананы ўсе асноўныя паказчыкі, акрамя двух (па аб’ектыўных прычынах): аб’ём будаўніча-мантажных работ, інвестыцыі. Зараз аддзел эканомікі райвыканкама фарміруе план развіцця раёна да 2027 года.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga