Дыспансерызацыя – адказнасць за сваё здароўе

Важнае Улада

У Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце прайшло пасяджэнне савета па дэмаграфічнай бяспецы з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі, старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў.

Былі разгледжаны пытанні аб ходзе правядзення дыспансерызацыі насельніцтва, аб дэмаграфічнай і суіцыдальнай сітуацыі ў Дзятлаўскім раёне за першае паўгоддзе 2024 года.

Вадзім Аляксандравіч адзначыў, што гэтым пытанням у нашым раёне надаецца шмат увагі, яны знаходзяцца на пастаянным кантролі ў кіраўніцтва раёна.

Намеснік галоўнага доктара па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Наталля Літвінская нагадала, што дыспансерызацыя дапамагае выявіць захворванні і іх фактары рызыкі на ранніх стадыях, таму праходзіць яе павінны ўсе грамадзяне, якія клапоцяцца пра сваё здароўе. Згодна з планам на 2024 год дыспансерызацыі ў нашым раёне належыць больш за 19 тысяч чалавек. Прайсці яе можна ў раённай паліклініцы, двух гарадскіх бальніцах, чатырох ФАПах, праводзяцца і выезды на прадпрыемствы.

Для больш якаснага агляду, кантролю праходжання абследавання на базе паліклінікі з мая 2024 года аднавіў работу кабінет ранняй дыягностыкі раку.

Наталля Міхайлаўна адзначыла, што, нягледзячы на праводзімую медыкамі работу, адной з галоўных праблем на сёння застаецца незацікаўленасць пацыентаў у сваім здароўі, калі ў іх няма скаргаў, нежаданне праходзіць неабходнае даабследаванне, а хвароба за гэты час набывае больш ускладненняў. Таксама для рэалізацыі праграм ранняй дыягностыкі хваробаў неабходна, каб кіраўнікі арганізацый трымалі на кантролі праходжанне поўнага абследавання супрацоўнікамі згодна з рэкамендацыямі доктара.

Што тычыцца дэмаграфічнай сітуацыі, за 6 месяцаў 2024 года ў раёне памерлі 230 чалавек (з іх працаздольнага ўзросту – 38), нарадзіліся 53 дзіцяці. Асноўнымі прычынамі смяротнасці з’явіліся хваробы сістэмы кровазвароту, нервовай сістэмы, новаўтварэнняў. Сярэдні ўзрост памерлых 73,7 года (мужчыны – 68,4, жанчыны – 79,2).

Аб суіцыдальнай сітуацыі ў Дзятлаўскім раёне расказаў доктар псіхатэрапеўт Барыс Отчык. Ён адзначыў, што за сем месяцаў гэтага года адбыліся тры суіцыды. Прычыны такіх здарэнняў могуць быць розныя (невылечная хвароба, адзінота, матэрыяльныя праблемы, уздзеянне алкаголю і іншыя), часам выявіць іх вельмі цяжка, апрадухіліць можна сумеснымі намаганнямі родных людзей, калегаў па рабоце. Неабходна звяртаць увагу на эмацыянальны стан чалавека: становіцца раздражнёным, замкнутым, абыякавым, прападае цікавасць да ўсяго. Бывае чалавек сам гаворыць, што не хоча жыць, у такім выпадку лячэнне можа быць прымусовым. У раённай бальніцы можна звярнуцца па дапамогу да псіхолага, псіхатэрапеўта.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: