Да смяротнай траўмы – адзін неасцярожны крок

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Прымяненне электраэнергіі ў нашым жыцці звязана не толькі з камфортам, але і негатыўнымі з’явамі – такімі, як электратраўматызм.

Па няведанні, а ў большасці выпадкаў – грэбаваннем элементарнымі правіламі бяспекі, прадаўжаюць адбывацца няшчасныя выпадкі сярод насельніцтва.

Так, жыхар аграгарадка Валевачы Чэрвеньскага раёна Міншчыны, 1954 года нараджэння, праводзіў работы ўнутры лазні свайго знаёмага. У памяшканні адсутнічала асвятленне, і пацярпелы скарыстаўся падаўжальнікам і пераносным пражэктарам, які працуе ад сеткі, павесіў яго сабе на грудзі. У абедзенны час гаспадар лазні заўважыў пацярпелага, які ляжаў на падлозе памяшкання без прытомнасці, пад ім знаходзіўся разбіты асвятляльны прыбор. Мужчына неадкладна выклікаў хуткую дапамогу. Медыкі канстатавалі смерць пацярпелага ад электратраўмы.

У гарпасёлку Лоеў Гомельскай вобласці мужчына, 1981 года нараджэння, падключыў паяльнік у гаражы ад бліжэйшай штэпсельнай разеткі жылога дома праз самаробны падаўжальнік, які меў дэфект корпуса. Работы пацярпелы праводзіў у адных плаўках, без абутку на бетоннай вільготнай падлозе гаража. У выніку неасцярожных дзеянняў мужчына трапіў пад дзеянне электрычнага току і атрымаў электратраўмы. Хуткая дапамога, якая прыбыла на месца, канстатавала смерць.

Жыхар Клімавічаў Магілёўскай вобласці, 1987 года нараджэння, стоячы на лесвіцы, рамантаваў франтон жылога дома пасля пажару, у выніку якога была пашкоджана ізаляцыя кабеля. Дом быў адключаны ад электрычнай сеткі аўтаматычным выключальнікам, усталяваным у выноснай шафе ўліку. Як мяркуецца, мужчына ўключыў аўтаматычны выключальнік і падаў напружанне на ўвод жылога дома для падключэння электраінструмента, закрануў рукой аголеныя жылы кабеля і атрымаў паражэнне электрычным токам. Яго бацька выклікаў хуткую медыцынскую дапамогу, якая канстатавала смерць пацярпелага.

Хочацца яшчэ раз нагадаць, што электрычнасць памылак не даруе, хоць і служыць чалавеку, абыходзіцца з ёй трэба вельмі асцярожна, каб электраэнергія была сапраўдным памочнік у побыце, а не пагрозай жыццю і здароўю людзей.

Вячаслаў ПЯТРАШ,
інспектар энергагазінспекцыі, дзяржаўны інспектар па энергетычным і газавым наглядзе
Андрэй ГОМАН,
намеснік галоўнага інжынера Дзятлаўскага РЭС

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga