Адсвяткавалі 57-ую гадавіну заснавання аддзела

Важнае Улада

Дзятлаўскаму раённаму аддзелу Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь – 57 гадоў!

У райвыканкаме на ўрачыстым мерапрыемстве з гэтай нагоды ўшанавалі супрацоўнікаў, якія годна выконваюць свае службовыя абавязкі.

Паменш выездаў па сігнале трывогі, лёгкіх будняў, шчасця, узаемаразумення, добрага настрою, душэўнага спакою калектыву пажадаў начальнік аддзела Сяргей Кулеш.

У сустрэчы прымалі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка і намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы – начальнік аддзела ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння падпалкоўнік Генадзь Малышка.

– Свой працоўны шлях я таксама пачынаў у службе аховы, таму прыемна выказваць віншаванні, – адзначыў Вадзім Бялятка. – За 57 гадоў існавання ў гісторыю аддзела ўпісана нямала слаўных старонак. Ваша служба – важнае звяно ў структуры праваахоўных органаў, яе эфектыўнасць і надзейнасць праверана часам. На супрацоўнікаў аховы ўскладзена адказная функцыя – абарона жыцця і здароўя, маёмасці людзей. Дзякуючы вам пад надзейнай аховай знаходзяцца прадпрыемствы, арганізацыі, установы нашага раёна. Упэўнены, што і надалей вы годна будзеце выконваць адказныя задачы.

Асаблівыя словы ўдзячнасці – ветэранам. Вы былі і застаяцеся прыкладам мужнасці і гонару, вернымі захавальнікамі і гарантамі пераемнасці пакаленняў. Паважаныя работнікі і супрацоўнікі аддзела аховы, таварышы афіцэры, дзякую вам за адданасць прафесіі, вернасць лепшым традыцыям службы, гатоўнасць змагацца са злачыннасцю, ахоўваць грамадзянскі парадак, за ўменне своечасова аказаць дапамогу ў самую цяжкую хвіліну. Упэўнены, што ваша цвёрдая грамадзянская пазіцыя, прафесійнае майстэрства заўжды будуць спрыяць забеспячэнню захаванасці народнага здабытку.

Вадзім Бялятка ўручыў падзячныя лісты старшыні раённага Савета дэпутатаў электраманцёру ахоўнапажарных сігналізацый Ігару Гушчу, старшаму інспектару Вікторыі Рудзік. Падзячныя лісты старшыні райвыканкама бухгалтару Тамары Цярэшка, вартаўніку Рэгіне Пугацэвіч, кантралёру Вользе Мускацінай.

Генадзь Малышка зачытаў віншавальны адрас начальніка Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь генерал-маёра міліцыі Аляксандра Шэпелева.

Загадам Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў ад 12 ліпеня 2024 года № 107 за праяўленую прафесійную ініцыятыву і забеспячэнне высокай эфектыўнасці працы аб’яўлены падзякі вядучаму інжынеру Дзянісу Беляку, кантралёрам на кантрольна-прапускным пункце Уладзіміру Дубеку, Уладзіміру Іванашку.

За бездакорную выніковую службу, высокія паказчыкі прафесійнай дзейнасці памятным нагрудным знакам “70 гадоў Дэпартаменту аховы МУС” узнагароджаны міліцыянеры ўзвода міліцыі сяржант Вераніка Гайкевіч, старшына Дзяніс Кядук, сяржант Уладзіслаў Халецкі.

Генадзь Малышка ўручыў падзячныя лісты начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы прапаршчыку міліцыі Андрэю Пякарскаму, дзяжурным пульта ўпраўлення Ганне Рудоль, Святлане Цішковіч, кантралёру на кантрольна-прапускным пункце Анатолю Сідорчыку, вартаўніку Івану Клімцу. Ён падзякаваў супрацоўнікам раённага аддзела за плённую работу, выкананне пастаўленых задач, надзейную ахову аб’ектаў, ветэранам службы – за перададзены грунтоўны вопыт, пажадаў усім моцнага здароўя, мірнага неба над галавой, працвітання Дзятлаўскаму аддзелу Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga