У Дзятлаўскім раённым аддзеле Следчага камітэта ў фармаце адкрытага дыялога прайшла сустрэча з працоўным калектывам.
Удзел у ёй прымалі намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, дэлегат VII Усебеларускага народнага сходу, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Марына Абрамчык.
Былі разгледжаны дзве тэмы: “Моцны лідар – гарант стабільнасці і бяспекі дзяржавы” – да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь і аб рабоце VII Усебеларускага народнага сходу.
Першую раскрыў Вадзім Бялятка:
– Толькі мудрасць і дальнабачнасць беларускага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў свой час не дазволілі абрынуць Беларусь у хаос і галечу, – падкрэсліў Вадзім Аляксандравіч. – Пачалося паступовае станаўленне нашай краіны на шляху да самастойнасці, суверэнітэту, забяспечанасці. З галоўным пытаннем, як жыць далей, кіраўнік дзяржавы звярнуўся да народа, выступіўшы ініцыятарам унясення змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон: у 1996 годзе на другім рэспубліканскім рэферэндуме праект Канстытуцыі, прапанаваны Прэзідэнтам, падтрымалі 70,5 % выбаршчыкаў. Моцная прэзідэнцкая ўлада, сапраўднае народаўладдзе, справядлівая сацыяльна арыентаваная эканамічная мадэль, самастойнасць на міжнароднай арэне – гэта “напісаны беларусамі сцэнарый жыцця”. Тры дзясяткі гадоў не далі падставаў усумніцца ў прынятых рашэннях. Сёння Беларусь – тэхнічна развітая, самастойная дзяржава, здольная харчова сябе забяспечыць, з моцнай пазіцыяй на міжнароднай арэне. Мы не развязваем канфліктаў, усе спрэчныя пытанні рашаем за сталом перамоваў. Улада ў Беларусі XXI стагоддзя “свойская”, “людская”, на чале з сапраўдным нацыянальным лідарам, які ўмее цвёрда пастаяць за сваю краіну і народ.
– Дэлегатам Усебеларускага народнага сходу я была ўжо двойчы, – зазначыла Таццяна Нікіпорчык. – Нас, удзельнікаў форуму, Прэзідэнт заклікаў часцей размаўляць з народам, каб гэтага не зрабілі іншыя. Мне прыемна расказаць вам пра асноўныя дасягненні Беларусі за гады суверэнітэту. Гэта поспехі нацыянальных прамысловых гігантаў, лясной гаспадаркі, якасныя бясплатныя медыцына і адукацыя, а нядаўна ў космас злятала першая беларуская касманаўтка Марына Васілеўская, у нас развітая сельская гаспадарка – беларусы не толькі сябе забяспечваюць, але і ўваходзяць у пяцёрку лідараў па экспарце сельгаспрадукцыі ў Еўропе. Гэта далёка не ўсё, пра што можна расказваць, чым ганарыцца і што трэба абараніць і захаваць. Менавіта таму на сёмым УНС былі прыняты Ваенная дактрына і Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, якія дазволяць упэўнена глядзець у будучыню. Сваё выступленне скончу словамі Прэзідэнта: “Мы павінны працаваць на месцах так, як мы можам, але з усёй сілай і адказнасцю”. Калі кожны беларус возьме сабе “на ўзбраенне” гэты прынцып, упэўнена, у нашых нашчадкаў будзе шчаслівая будучыня.
Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі таксама паглядзелі тэматычную відэастужку аб 30-гадовым шляху развіцця і дасягненнях Беларусі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga