14 ліпеня – Дзень работнікаў падатковых органаў. Улік, парадак і прагрэс

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Гэта “тры кіты”, на якіх базуецца работа падатковых органаў нашай краіны.

Штогод у другую нядзелю ліпеня спецыялісты сферы адзначаюць сваё прафесійнае свята. Як праходзяць іх будні і як развівалася служба, расказаў намеснік начальніка інспекцыі – начальнік упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Дзятлаўскім раёне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Навагрудскім раёне Іван Гірык.

У хуткім часе Іван Баляслававіч сустрэне яшчэ і свой юбілейны дзень нараджэння, а таму калектыў упраўлення адрасаваў свайму кіраўніку самыя шчырыя пажаданні – моцнага здароўя, дабрабыту, невычэрпнай энергіі, аптымізму, поспехаў ва ўсіх справах.

– Асноўны напрамак дзейнасці нашай службы – выкананне даходнай часткі бюджэту, бо ад гэтага залежаць усе сацыяльныя выгоды і стабільнасць у грамадстве, – адзначае Іван Гірык. – З пастаўленай задачай мы паспяхова спраўляемся. У даход кансалідаванага бюджэту за першае паўгоддзе 2024 года забяспечана паступленне 49 760,4 тысячы рублёў, у мясцовы – 23 167,7 тысячы рублёў, тэмп росту ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склаў 109,4 %.

– Ці спрашчаюць работу падатковых органаў электронныя сэрвісы?

– На сёння электронным дэклараваннем карыстаецца каля 90 % юрыдычных асоб і каля 80 % прыватных прадпрымальнікаў. Для забеспячэння максімальна камфортных умоваў для плацельшчыкаў падатковымі органамі распрацаваны электронны сэрвіс “Асабісты кабінет плацельшчыка”, які дазваляе бясплатна ў анлайн-рэжыме атрымліваць інфармацыю аб сумах налічаных і выплачаных падаткаў, наяўнасці пераплат і запазычанасцяў, рассылаць апавяшчэнні на ўплату падаткаў, аплачваць іх праз інтэрнэт-банкінг, запісвацца на асабісты прыём да кіраўніцтва службы. Акрамя таго, у асабістым кабінеце плацельшчыка дапрацаваны сэрвіс, які дазваляе фізічнай асобе ўносіць змяненні ў звесткі пра аб’екты нерухомасці, зямельныя ўчасткі ці інфармаваць падатковыя органы пра наяўнасць у карыстальніка аб’ектаў падаткаабкладання. Адкрыць асабісты кабінет фізічная асоба можа бясплатна, звярнуўшыся ў падатковы орган з пашпартам, а таксама праз сэрвісы А1 і МТС.

– Ці часта грамадзяне паведамляюць аб няўплаце падаткаў?

– Такія факты здараюцца вельмі рэдка – адзін-два выпадкі на год. Людзі сталі больш дасведчанымі і дысцыплінаванымі, ведаюць, у якім выпадку ім неабходна падаваць дэкларацыю.

– Іван Баляслававіч, колькі гадоў вы працуеце ў падатковых органах?

– Раней яна ўваходзіла ў састаў фінансавага аддзела райвыканкама. Менавіта туды на першае месца работы я прыйшоў працаваць эканамістам дзярждаходаў у жніўні 1985 года. У 1988 годзе перайшоў на пасаду начальніка падатковай інспекцыі пры дзярждаходах. З 1990 года, калі падатковая служба была вылучана ў асобнае ведамства, стаў начальнікам аддзела фізічных асоб, потым намеснікам начальніка інспекцыі, начальнікам, а з верасня 2017 года і да гэтага часу займаю цяперашнюю пасаду.

– Дзе вы атрымалі адукацыю?

– У 1983 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны фінансава-эканамічны тэхнікум, потым служыў у радах Савецкай арміі, са жніўня 1985 года пачаў працаваць па спецыяльнасці. Значна пазней у завочнай форме вырашыў атрымаць яшчэ і вышэйшую адукацыю. У 2010 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці “эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”.

– За што любіце сваю работу?

– Яна не бывае сумнай: пастаянна даводзіцца кантактаваць з людзьмі, заўжды ёсць неабходнасць самаўдасканальвацца, вывучаць новую інфармацыю, развівацца прафесійна, бо мяняецца заканадаўства і патрабаванні.

Наогул, за чатыры дзесяцігоддзі, якія працую ў падатковай сістэме, значна памянялася тэхнічнае забеспячэнне нашай службы. Калі толькі прыйшоў працаваць, усе сумы “збівалі ўручную” на лічыльніках, потым з’явіліся калькулятары, затым – камп’ютары. Пасябраваць з новай тэхнікай па першым часе было няпроста, бо ў школе ў нас камп’ютараў не было, вывучаць іх давялося адразу ў час рабочага працэсу.

– Як лічыце, ці не заменіць у перспектыве падатковага інспектара штучны інтэлект?

– Упэўнены, што не. Электронныя базы і машынныя вылічэнні спрашчаюць нашу работу, аднак камп’ютар ніколі не заменіць чалавека ў жывых стасунках, без якіх немагчыма рэалізаваць усе задачы, якія стаяць перад падатковай службай.

– Каго лічыце сваімі “настаўнікамі” па прафесіі?

– Заўжды з цеплынёй успамінаю былога начальніка фінаддзела Валянціну Літвіну, былога начальніка падатковай інспекцыі Казіміра Максімчыка, якіх ужо няма побач з намі. Шмат гадоў поруч са мной працавала Марыя Татарчык, яна ў свой час таксама была кіраўніком.

– Раскажыце пра цяперашні калектыў упраўлення.

– Гэта шэсць спецыялістаў, чатыры з якіх працуюць у сістэме падатковых органаў больш за 30 гадоў. Сярод іх варта адзначыць маю намесніцу Таццяну Касцюкевіч, якая за добрасумленную працу з нагоды прафесійнага свята адзначана падзякай міністра па падатках і зборах, таксама Ганаровай граматай Дзятлаўскага райвыканкама ўзнагароджана галоўны дзяржаўны падатковы інспектар Жанна Верамейчык.

– Чаго жадаеце ветэранам службы і калегам да свята?

– Усім міру, дабра, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. Тым, хто працуе – поспехаў у прафесійнай дзейнасці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#падатковыя органы #день_налоговых_работников #СМИ