Як супакоіць хатняга агрэсара?

Важнае Улада

Гэта і іншыя пытанні абмеркаваны на пасяджэнні міжведамаснага савета па аказанні дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту, якое праходзіла пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі з удзелам прадстаўнікоў службаў прафілактыкі, духавенства.

Аб рабоце спецыялістаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна з пацярпелымі ад гвалту ў быце расказалі дырэктар установы Таццяна Нікіпорчык і псіхолаг аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі Алена Макоўская.

Адзначана, што за бягучы перыяд 2024 года з міліцыі паступіла паведамленне аб 32-х пацярпелых, 15-ці з якіх аказаны сацыяльныя паслугі, двум – псіхалагічная дапамога, з яшчэ 15-цю праведзена псіхалагічнае кансультаванне, 17 пацярпелых катэгарычна адмовіліся ад усіх відаў сацыяльных паслугаў. Тым не менш, у рабоце адсочваецца станоўчая дынаміка, людзі праяўляюць зацікаўленасць, куды могуць звяртацца, на што разлічваць, калі ў іх сем’ях адбываецца хатні гвалт.

Вадзім Бялятка пацікавіўся ў спецыялістаў, наколькі часта, калі агрэсар фінансава не ўдзельнічае ў жыцці сям’і, злоўжывае алкаголем, яны прапаноўваюць пацярпелым выкарыстаць у адносінах да яго такую прафілактычную меру, як абмежаванне дзеяздольнасці.

Алена Макоўская расказала, што пры правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў асабліва пільная ўвага надаецца сацыяльна ненадзейным сем’ям і тым, дзе гадуюцца непаўналетнія дзеці. З аддзела ўнутраных спраў у сацыяльную службу інфармацыя пра сямейныя скандалы паступае своечасова, за кароткі час з пацярпелымі праводзяцца размовы, даводзіцца інфармацыя аб магчымасці атрымання псіхалагічнай, прававой, сацыяльнай, іншых відаў дапамогі, у тым ліку паслугі часовага прытулку ў крызісным пакоі. Распрацаваны спецыяльныя памяткі для грамадзян, якія ўтрымліваюць поўную інфармацыю аб дзеяннях у крызісных сітуацыях. Іх распаўсюджваюць не толькі сярод ахвяраў хатняга гвалту, але і на прафілактычных сустрэчах з насельніцтвам.

Намеснік галоўнага доктара па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе цэнтральнай раённай бальніцы Наталля Літвінская акцэнтавала ўвагу на прафілактычнай рабоце медыкаў раёна ў гэтым кірунку. Так, спецыялісты прынялі актыўны ўдзел у  рэспубліканскай акцыі “Дом без гвалту”, у тым ліку расказалі педагогам, праваахоўнікам, на якія прыкметы варта звяртаць увагу, каб своечасова выявіць выпадкі гвалту. Інфармацыя аб усіх дзіцячых траўмах абавязкова паступае ў АУС Дзятлаўскага райвыканкама. Наркалагічная служба вядзе работу з грамадзянамі, якія знаходзяцца на ўліку ў доктара-нарколага з-за злоўжывання алкаголем. Удзельнічаюць медыкі і ў рабоце аглядавых камісій, падворных абходах.

Не застаюцца ў баку ад праблемы педагогі раёна, аб чым расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская. У красавіку быў арганізаваны міжведамасны семінар, на якім спецыялісты паглыбілі свае веды па аказанні дапамогі пацярпелым: як выяўляць гвалт, абараняць дзяцей, аказваць ім падтрымку. На базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава працуе бацькоўскі клуб “Формула перамен”, куды ўваходзяць бацькі, дзеці якіх прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы, маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і бацькі дзяцей, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. З імі працуюць усе суб’екты прафілактыкі. Апошнім часам увага акцэнтуецца на пытаннях сексуальнага і хатняга гвалту. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з міліцыяй па рабоце з такімі катэгорыямі сем’яў і тымі, дзе нядаўна адбыліся скандалы.

– На жаль, сямейны гвалт – праблема даволі “схаваная”, а таму вельмі важна на ранняй стадыі заўважаць яго прыкметы і інфармаваць адпаведныя органы, – падкрэсліў Вадзім Бялятка. – Збор і аналіз інфармацыі павінен праводзіцца сістэмна, каб рабіць аб’ектыўныя высновы, аказваць своечасовую і дзейсную дапамогу пацярпелым. Такая работа патрабуе комплекснага падыходу і цеснага ўзаемадзеяння адказных службаў.

Па выніках сустрэчы распрацаваны адпаведныя даручэнні для спецыялістаў, у ліпені-жніўні мяркуецца правесці наступнае пасяджэнне міжведамаснага савета па аказанні дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту з аналізам стану спраў, але ў больш пашыраным фармаце.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga