У камунальным “палку” – папаўненне

Важнае Грамадства

Разам з работнікамі Дзятлаўскага РУП ЖКГ для добраўпарадкавання і навядзення чысціні ў райцэнтры выйшлі ўдзельнікі студэнцкага атрада ГА “БРСМ”.

Упершыню студатрад на базе камунгаса быў створаны вясной мінулага года і някепска сябе зарэкамендаваў.

– Дзеці да нас прыходзяць дарослыя, здольныя дапамагчы, – расказала майстар камунальнага прадпрыемства Наталля Скібінская, якая ў камунгасе курыруе работу атрада. – Напярэдадні Дня Незалежнасці яны аказваюць нам неацэнную дапамогу па ўборцы вуліц райцэнтра. Двойчы атрад быў на ўчастку сартавання смецця, дзе навучэнцы пазнаёміліся з правіламі сартавання другасных матэрыяльных рэсурсаў, навялі парадак на вуліцы Кірава, праводзяць добраўпарадкаванне абеліска Славы з дапамогай наведвальнікаў аздараўленчага летніка «Расток» сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава. У атрадзе занятыя 23 чалавекі, магчыма, аднаму кіраўніку складана спраўляцца з такой колькасцю маладых работнікаў, аднак Наталля Адольфаўна Маркава спраўна сочыць за якасцю выконваемых работ. Мы вельмі ёй удзячны за адказныя адносіны. Наогул, дапамозе студатрадаўцаў у Дзятлаўскім РУП ЖКГ заўсёды рады, бо ў нас не бывае такога моманту, калі работы няма, – кожны дзень, у любы сезон наш райцэнтр павінен выглядаць прыгожа.

– Студатрадаўская змена на базе камунгаса пачалася 17 чэрвеня і прадоўжыцца да 12 ліпеня, – патлумачыла спецыяліст раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталля Маркава. – Мы задзейнічаны на добраўпарадкаванні: мяцём вуліцы, вычышчаем пясок з узбочын, пасля моцнага ветру прыбіралі гарадскі парк ад смецця і галін, працавалі каля помніка воінам-афганцам, дзе не толькі мялі, але і выдалілі расліннасць паміж бардзюрнай пліткай, тое ж самае рабілі на пляцоўцы каля гарадской лазні. Жадаю сваім падапечным добрасумленна працаваць на ўсіх аб’ектах добраўпарадкавання, паспець адпачыць і набрацца сілаў, атрымаць дастойную зарплату і максімум задавальнення ад летніх канікулаў і стуатрадаўскіх будняў.

– У КСУП “Жукоўшчына” на відавой праполцы ў нас працуе яшчэ адзін студэнцкі атрад, у саставе якога навучэнцы Жукоўшчынскай базавай школы, – адзначыла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – У планах – задзейнічаць студатрадаўцаў на ўборцы збожжавых культур, а затым і на копцы бульбы. Мяркуем, што сёлета студэнцкі атрад будзе створаны таксама на базе цэнтральнай раённай бальніцы, які зоймецца добраўпарадкаваннем гэтага аб’екта.

Сваімі ўражаннямі ад працоўнага семестра падзяліліся і маладыя работнікі, якія дапамагаюць камунальнікам.

Яўген Дзям’ян, сярэдняя школа № 1 горада Дзятлава:

– У студатрадзе я ўпершыню, мне тут падабаецца, работа цікавая, нескладаная, у калектыве аднагодкаў працуецца весела. Упэўнены, што разам мы зможам зрабіць наш горад больш прыгожым і ўтульным напярэдадні святаў. Лічу, што кожны чалавек павінен зрабіць нешта добрае для малой радзімы. Падобны працоўны вопыт развівае самастойнасць, бо пачынаеш задумвацца, што кожную выкінутую паперку камусьці давядзецца прыбраць. У Дзятлаве ў мяне ёсць любімыя мясціны, напрыклад, гарадскі парк з сажалкай, альтанкамі, цяністымі алеямі. Рады, што мне пашчасціла зрабіць свой уклад у добраўпарадкаванне гэтага цудоўнага месца.

Ксенія Валяк з гімназіі № 1 і Яўгенія Храмава з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава:

– Мы лепшыя сяброўкі, жывём недалёка, цяпер яшчэ і разам працуем. Нам нядаўна споўнілася па 14 гадоў, і гэты працоўны вопыт першы, а быць разам у атрадзе лягчэй і весялей. Зразумела, што стамляемся, але дома адпачываем і вечарам зноў ідзём гуляць. Упэўнены, што намаганнямі нашага камунальнага студатрада вуліцы стануць чысцейшымі, а Дзятлава прыгажэйшым. У райцэнтры маем некалькі любімых месцаў адпачынку, якія часта наведваем, – гэта пляцоўка каля кінатэатра “Спадарожнік” і стары парк за пляжам. Наогул, студатрадаўскі рух вельмі карысны, бо, паспрабаваўшы сябе ў розных справах, пачынаеш разумець, наколькі цяжка працаваць фізічна, з’яўляецца павага да людзей такіх прафесій. Калі б выдалася магчымасць трапіць у састаў рэспубліканскага атрада, то хацелася б у Нясвіжскім замку пабыць юнымі экскурсаводамі, бо гэта вельмі прыгожы аб’ект з цікавай гісторыяй. Сваім равеснікам жадаем добрага адпачынку, паважаць чужую працу і пасля заканчэння школы паступіць на выбраныя спецыяльнасці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: