Пачатак ёсць – будзе і вынік

Свежыя навіны Спорт і турызм

5 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень навакольнага асяроддзя.
А як Дзятлаўшчына адзначыць гэты дзень? Ды вельмі проста. Дзякуючы супрацоўніцтву начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрыя Балькоўскага, сектара спорту і турызму, а таксама Дзятлаўскага турыстычнага  інфармацыйнага цэнтра і Дзятлаўскага лясгаса сярод лясоў Ліпічанскай пушчы ў хуткім часе з’явіцца экалагічная сцежка.

Даведка
Экалагічная сцежка (навучальна-турыстычная сцежка) – добраўпарадкаваныя і асабліва ахоўныя прагулачна-пазнавальныя маршруты, што ствараюцца з мэтай экалагічнай асветы насельніцтва праз устаноўленыя па маршруце інфармацыйныя стэнды.

Ідэя стварэння экалагічнай сцежкі ў нетрах Ліпічанскай пушчы выношвалася турыстычнай сферай раёна на працягу некалькіх месяцаў, і толькі сёлетняй вясной галоўны ляснічы Дзятлаўскага лясгаса Канстанцін Дзісько змог выехаць на месца і вызначыць, дзе можна тую самую сцежку пракласці.

Патрабаванняў да яе шмат: даступнасць даезду, праходнасць самой сцежкі ў любую пару года, разнастайнасць флоры і фаўны, якой будзе любавацца і якую будзе спасцігаць турыст, нават экзатычнасць мясцін. І, відаць, гэта адзін з асноўных параметраў, бо трэба ж здзіўляць – і ніяк іначай.

І вось 23 мая група першапраходцаў у саставе сектара спорту і турызму, Дзятлаўскага турінфацэнтра, Канстанціна Дзісько і Дзмітрыя Балькоўскага выехала ў Ліпічанскую пушчу, каб прайсці па сцежцы, якую Канстанцін Дзісько прапанаваў для наведвання турыстамі, пазнаёміцца з раслінным і жывёльным светам, намеціць кропкі для турыстычнай навігацыі, што будзе з часам устаноўлена на маршруце, а таксама спланаваць работы па ўладкаванні сцежкі.

Шчыра кажучы, напачатку асаблівага энтузіязму мы не адчувалі: трэба было прабірацца праз зараснікі, ламачча, топкія мясціны, нас джалілі камары і крапіва. Але чым далей мы ішлі, тым цікавей станавілася. Пачалі заўважаць рэдкія расліны, фатаграфаваць, здымаць ролікі. А калі дайшлі да ляснога азярца, вакол якога раскінуўся першабытны пейзаж, усе застылі ў захапленні. Прыгажосць!

Стаялі, разважалі, дзе ўладкуем месца для адпачынку, як зможам паказаць турысту панараму мясцовасці, спрачаліся, бо ў кожнага было сваё бачанне будучай сцежкі. Сумненняў не было – экалагічнай сцежцы быць!

А 30 мая ў Дзятлава завіталі навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук. Іх мэтай стала даследаванне біятопаў на Дзятлаўшчыне, якое праводзіцца кожныя тры гады. Дзмітрый Балькоўскі прапанаваў гасцям прайсціся па будучай экалагічнай сцежцы і дапамагчы вызначыцца з раслінным светам мясціны.  Аляксандр Яцына, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі мікалогіі інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, адзначыў, што месца выбрана ўдалае, яно прывабіць турыстаў разнастайнай флорай і фаўнай, першабытным лесам. Было вызначана некалькі дзясяткаў раслін, сярод якіх ёсць і рэдкія. Аляксандр Пятровіч прапанаваў турыстычнаму цэнтру сваю дапамогу пры стварэнні стэндаў і таблічак па шляху экалагічнай сцежкі.

Так што пачатак ёсць, і мяркуем – будзе станоўчы вынік. І гэты пачатак напярэдадні Сусветнага дня навакольнага асяроддзя стаў добрым знакам, своеасаблівым сімвалам пачынання, якое перарасце ў экалагічную турыстычную сцежку.

Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga