Па тэме з аналітыкай. Камандзіроўка: што трэба ведаць?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Тэма: Аплата камандзіровачных расходаў па новых правілах.

Факт

З 6 красавіка 2024 года ўступіла ў сілу пастанова № 218, якой унесены змяненні ў палажэнне аб парадку і памерах кампенсацыі расходаў, гарантыях і кампенсацыях пры службовых камандзіроўках.

Даведка

Службовай камандзіроўкай паводле Працоўнага кодэкса прызнаецца паездка работніка па распараджэнні наймальніка для выканання службовага задання па-за месцам пастаяннай работы. Прычым яна не можа быць бестэрміновай, а заўсёды прывязана да канкрэтнага часовага інтэрвалу. Работнік, накіраваны ў службовую камандзіроўку, мае гарантыі і права на кампенсацыю затрат.

Не лічацца камандзіроўкамі службовыя паездкі работнікаў, пастаянная работа якіх працякае ў дарозе або носіць раз’язны ці рухомы характар, а таксама ў межах населенага пункта, дзе размяшчаецца наймальнік.

Слова спецыяліста

Намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Дорда:

– Пры службовай камандзіроўцы наймальнік абавязаны выдаць аванс і кампенсаваць работніку расходы на праезд да месца камандзіроўкі і назад; па найме жылога памяшкання; за пражыванне па-за месцам жыхарства (сутачныя); іншыя зробленыя работнікам з дазволу або ведама наймальніка расходы.

Варта звярнуць увагу і на тое, што Працоўны кодэкс забараняе накіроўваць у службовую камандзіроўку цяжарных жанчын. Толькі па пісьмовай згодзе адправіць у дзелавую паездку можна супрацоўніцу, якая мае дзяцей да 14 гадоў або дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў. Абмежаванні тычацца і саміх работнікаў з інваліднасцю: для накіравання ў камандзіроўку таксама неабходна згода такога супрацоўніка.

Асноўныя новаўвядзенні

З 9 да 12 рублёў павялічаны памер сутачных для службовых камандзіровак у межах Беларусі.

Удакладнена, што ў загадзе наймальніка месцам пражывання камандзіраванага можа быць вызначаны іншы населены пункт адносна таго, куды накіраваны работнік. Напрыклад, пры адсутнасці свабодных месцаў у гасцініцах ці саміх гасцініц у населеным пункце, куды ён камандзіраваны, або пры камандзіраванні ў некалькі населеных пунктаў.

Вызначана, што кампенсацыі належаць расходы па праездзе да месца камандзіроўкі і назад толькі пры праездзе аўтамабільным транспартам рэгулярных зносін. Такі праезд падлягае кампенсацыі па фактычным кошце, пазначаным у праязным дакуменце.

Паколькі наймальнік можа вызначыць іншае месца пражывання работніка адносна населенага пункта камандзіравання, то з’явілася норма аб кампенсацыі расходаў на праезд ад такога месца пражывання да месца камандзіравання і назад на падставе пацвярджальных дакументаў.

Пры штодзённым вяртанні работніка да месца жыхарства і адсутнасці ў яго праязных дакументаў да месца камандзіроўкі і назад кампенсацыя расходаў праводзіцца ў памеры 0,1 базавай велічыні ў кожны бок за кожны дзень камандзіроўкі.

Калі ж у камандзіраванага няма пацвярджальных дакументаў па найме жылля, прадастаўленне якіх вызначана ў лакальным прававым акце, то кампенсацыя ажыццяўляецца за каляндарныя дні знаходжання ў месцы камандзіравання, але ўжо ў памеры ад 5 да 20 % сумы расходаў, а ў бюджэтных арганізацыях – 5 %.

Калі камандзіраваны жыў не ў гасцініцы, а ў індывідуальнага прадпрымальніка, фізічнай асобы, санаторна-курортнай, аздараўленчай, іншых арганізацыях, якія аказваюць паслугі пражывання, то параўнанне расходаў ажыццяўляецца па кошце нумара першай катэгорыі ў гасцініцы населенага пункта камандзіравання, а пры яе адсутнасці – бліжэйшага да яго.

Уведзена і норма кампенсацыі расходаў па найме жылога памяшкання пры часовым прыпынку ў дарозе на тэрыторыі Беларусі на падставе пацвярджальных дакументаў.

Замацаваны таксама парадак агульнай выплаты ў выпадку часовай непрацаздольнасці камандзіраванага вадзіцеля, які ажыццяўляе ўнутрырэспубліканскія ці міжнародныя аўтамабільныя перавозкі. Калі ў перыяд камандзіроўкі надыходзіць часовая непрацаздольнасць, яму працягваецца агульная выплата, акрамя выпадкаў знаходжання на стацыянарным лячэнні. За час знаходжання ў стацыянары вадзіцелю, у залежнасці ад краіны (населенага пункта), дзе праходзіла лячэнне, выплачваюцца сутачныя ў памерах, вызначаных у дадатках да дакумента.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga