Адразу тры прадстаўніцы КСУП “Войневічы” сталі дыпламанткамі абласнога конкурсу чытальнікаў “Мелодыя Перамогі скрозь пакаленні”, арганізаванага абласным прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу і прымеркаванага да 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Намеснік дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Вольга Лахач была адзначана дыпломам 2-й ступені, творчы калектыў “Вясёлыя дзяўчаты”, у які ўвайшлі юныя жыхаркі аграгарадка, навучэнкі Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ксенія Лахач і Агата Самусева – дыпломам 3-й ступені ў сваёй узроставай катэгорыі.
Каб павіншаваць зямлячак з перамогай, уручыць заслужаныя ўзнагароды і салодкія прызы, у Войневічы прыехаў старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Акрамя таго, прафсаюзны камітэт КСУП “Войневічы” падтрымаў юных чытачак прыемнымі падарункамі.
– Кіраўнік нашай прафсаюзнай арганізацыі Вольга Сухецкая прапанавала маёй дачцэ і яе сяброўцы паўдзельнічаць у конкурсе чытальнікаў, прадставіць нашу гаспадарку, і мы пагадзіліся, – расказвае Вольга Лахач. – Скрупулёзна выбіралі верш, шмат трэніраваліся, чыталі, завучвалі. Конкурс быў у анлайн фармаце, таму выбіралі яшчэ і месца здымак, у выніку спыніліся на мясцовым клубе-бібліятэцы з аўтэнтычным сялянскім каларытам. Не ўсё атрымлівалася адразу, і я стала паказваць ім прыклад сама. Настолькі захапілася працэсам, што таксама захацела паўдзельнічаць. Калі спытала, ці ёсць у конкурсе мая ўзроставая катэгорыя, і атрымала станоўчы адказ, натхнёна ўзялася за справу.
Вольга Віктараўна шукала верш менавіта на беларускай мове, знайшла той, які адлюстраваў боль страты ваенных гадоў – твор Валянціны Гіруць-Русакевіч “Салдацкім удовам”.
Вынікі конкурсу вырашыла анлайн-галасаванне.
– Прыемна, што нас падтрымалі столькі людзей! – расказвае юная Ксенія Лахач, якая сёлета скончыла чацвёрты клас. – За мяне з Агатай і маму галасавалі ўсе аднакласнікі, сябры, знаёмыя, усе, хто працуе ў нашай гаспадарцы. Конкурс вельмі спадабаўся, асабліва прыемныя падарункі. Мы разам з мамай прагледзелі выступленні ўсіх канкурсантаў, вельмі таленавітыя і цікавыя.
Ксенія з задавальненнем чытае кнігі нават летам, любіць творчасць, добра запамінае школьны і пазакласны матэрыял, здзіўляючы калгаснага Дзядулю Мароза на карпаратыўным ранішніку самымі доўгімі вершамі. Але асаблівая яе любоў – гэта матэматыка, схільнасць да якой выдатна падтрымала першая настаўніца дзяўчынкі Марына Яўгенаўна Урбановіч.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga