У гарадскім парку райцэнтра каля мемарыяла Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову і брацкіх магіл адбылося ўшанаванне загінулых з удзелам прадстаўнікоў улады, раённага ваеннага камісарыята, сілавых структур, грамадскіх арганізацый, святарства, школьнікаў, дзятлаўчан.
– 22 чэрвеня Беларусь адзначае Дзень усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, бо ў гэту дату ў 1941 годзе фашысцкая Германія напала на нашу краіну, 30 чэрвеня быў акупіраваны раён, – звярнуўся да прысутных старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі. – Дарагую цану заплацілі нашы землякі за яго вызваленне: за час фашысцкай акупацыі было знішчана каля 18 тысяч мірных жыхароў, на франтах загінулі больш за 1800 воінаў. На гэтым сакральным месцы мы аддаём даніну памяці ўсім, хто адстаяў мір на беларускай зямлі. Колькі б ні мінула гадоў, мы свята шануем подзвіг нашых землякоў, беражом гістарычную праўду і перадаём яе наступным пакаленням у імя будучыні і міру.
Навучэнцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава ажыццявілі экскурс па трагічных падзеях ваеннага часу на Дзятлаўшчыне.
На мітынгу ўрачыста павіталі ўдзельнікаў IV Усебеларускага хрэснага ходу “Царква і армія” – кіраўніка аддзела Навагрудскай епархіі па ўзаемадзеянні з сілавымі структурамі святара Алега Пачкоўскага і ваеннаслужачага 11-й механізаванай брыгады горада Слоніма, якія даставілі капсулу для перадачы ад Дзятлаўшчыны зямлі з месцаў пахавання воінаў-вызваліцеляў. Такі забор зямлі ажыццяўляецца па ўсёй краіне ў месцах пахавання ваеннаслужачых. Капсулу прынялі благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі Іаан Кісель і намеснік ваеннага камісара – начальнік мабілізацыйнай групы ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Аляксандр Бургун.
–Хрэсны ход пацвярджае, што царква і армія – адзіныя, – адзначыў Аляксандр Бургун. – Вера натхняла ў цяжкія часы. Нягледзячы на атэістычнае выхаванне, у гады Вялікай Айчыннай вайны пачалося небывалае адраджэнне духоўнага жыцця, адкрываліся храмы і манастыры. Людзі маліліся і верылі ў перамогу. Абавязак кожнага з нас – берагчы Радзіму, абараняць яе інтарэсы, захоўваць мір і стабільнасць.
Іерэй Іаан Кісель агучыў пасланне Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна.
Навучэнцы школ горада Дзятлава напоўнілі капсулу зямлёй, загадзя ўзятай ад магіл воінаў, пахаваных у нашым раёне.
Памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак да мемарыяла Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову.
Затым хрэсным ходам удзельнікі мітынгу прайшлі да сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай горада Дзятлава, дзе адбыўся памінальны малебен аб воінах, якія аддалі сваё жыццё за Айчыну. Яго адслужыў іерэй Іаан Кісель.
Праз некалькі гадзін адбылася ўрачыстая перадача капсулы з зямлёй прадстаўнікам Навагрудскага раёна.
Нагадаем, што IV Усебеларускі хрэсны ход “Царква і армія” стартаваў у Дзень Перамогі ў Свята-Петрапаўлаўскім кафедральным саборы горада Гомеля, а завершыцца 28 чэрвеня ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска. У далейшым капсула з зямлёй з воінскіх пахаванняў Беларусі будзе ўстаноўлена ў сталічным храме-помніку Усіх Святых.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#минута_молчания_на_Гродненщине #вахта_памти_на_Гродненщине #митинг_реквием_на_Гродненщине #всебелорусская_молитва_на_Гродненщине