Моладзевы турзлёт-2024 – на старт!

Галоўнае Грамадства

28 чэрвеня ва ўрочышчы Рыбакі адбылося ўрачыстае адкрыццё штогадовага моладзевага турысцкага злёту “Здаровы я – здаровая наша краіна”.

Культурна-спартыўнае мерапрыемства завяршае Тыдзень моладзі і студэнцтва і прысвечана Году якасці і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яно праходзіць пад лозунгам: “Давайце ўсе свае перамогі прысвяцім любімай Радзіме!”

Свае турысцка-спартыўныя ўменні і творчасць сёлета прадэманструюць восем каманд: КСУП “Хвінявічы” і “Войневічы”, ААТ “Граніт-Агра”, Новаяльнянскага КХП, Дзятлаўскага льнозавода, аддзела адукацыі райвыканкама, цэнтральнай раённай бальніцы, Дзятлаўскага РУП ЖКГ.  Традыцыйна на турзлёце будзе працаваць «прэс-цэнтр» раённай газеты «Перамога».

Шчаслівых стартаў, удалых выступленняў і прыемнага актыўнага адпачынку на ўлонні прыроды ім жадалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі, яго намеснікі Вольга Жэлезоўская і Дзмітрый Баравік, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова.

Турзлёт прадоўжыцца тры дні. Каманды прымуць удзел у турысцкай паласе перашкод, конкурсе на лепшы быт, спаборніцтвах па перацягванні каната, валейболе, іншых.

– На працягу многіх гадоў на Дзятлаўшчыне правядзенне такіх фестываляў адпачынку і здароўя стала добрай традыцыяй, – павітаў удзельнікаў і гасцей турзлёту Андрэй Садоўскі. – Прыемна адзначыць, што першы ў гэтым годзе турысцкі злёт ва ўрочышчы Рыбакі адкрывае менавіта моладзь – асноўны “рухальны лакаматыў” нашага грамадства і раёна. Сёлетні год аб’яўлены Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам Годам якасці. Паверце, якасна трэба не толькі працаваць і вырабляць свой прадукт, але і адпачываць. Жадаю вам прыемна правесці час, паспаборнічаць, атрымаць заслужаныя ўзнагароды. Дзякую вашым кіраўнікам, якія нягледзячы на “гарачы” перыяд у вытворчасці дазволілі вам паўдзельнічаць. Дзякую і арганізатарам фестывалю, асабліва раённаму камітэту ГА “БРСМ” і яго лідару Кацярыне Хілімончык, за “адладжаны механізм” падрыхтоўкі, які дазваляе адпачываць з задавальненнем. Словы ўдзячнасці ўдзельнікам – за падтрыманне традыцый турзлёту. Шчаслівых стартаў!

Права падняць Дзяржаўны сцяг і адкрыць сустрэчу было дадзена мінулагоднім пераможцам – капітану каманды ААТ “Новаяльнянскі КХП”.

– Прыемна чарговы раз на раённым турзлёце бачыць такую вялікую дружную кампанію, – звярнуўся да прысутных галоўны суддзя спаборніцтваў, загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда. – Упэўнены, што спартыўна-культурны каляндар нашага раёна без гэтага моладзевага фестывалю быў бы няпоўным. Прыемна, што пасля перапынку ў некалькі гадоў да нас зноў далучылася каманда аддзела адукацыі райвыканкама, а ўпершыню з намі – каманда Дзятлаўскага льнозавода. Удачы вам! Моладзевы турзлёт-2024 – на старт!

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga