Мікалай Кухта – лепшы на сяўбе кукурузы

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Завяршыўся перыяд вясновых палявых работ.

Аграрыі, якія вызначыліся на іх, былі адзначаны раённымі ўзнагародамі.

Лідарам сярод механізатараў, занятых на сяўбе кукурузы, стаў трактарыст-машыніст ТАА “РоданАгра” Мікалай Кухта з вынікам 1365 гектараў. Каб павіншаваць яго з выдатным дасягненнем, на мехдвор сельгаспрадпрыемства прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак.

– Важкі вынік – плён вашай стараннасці і высокага прафесіяналізму, – адзначыў Віталій Тадэвушавіч. – За лічбамі статыстыкі – веданне тэхнікі і тэхналогіі, многія гадзіны напружанай працы, клопат аб зямлі і перажыванне за агульную справу. Прыміце ўзнагароду па заслугах. Шчыра жадаю вам поспехаў у штодзённых справах.

Мікалай Кухта трэці год працуе ў ТАА “РоданАгра” на магутным “Джон Дзіры”, ён пастаянны ўдзельнік пасяўной кампаніі. Работу сваю любіць, тым больш што тэхніка ў полі не падводзіць.

– Кожны год займаўся сяўбой збожжавых культур і рапсу, сёлета ўпершыню на кукурузе – і адразу ўсё атрымалася, – дзеліцца Мікалай Мікалаевіч.

Прыказку аб тым, што вясновы дзень год корміць, ён зведаў на практыцы. Разам з калегамі працуе, не шкадуючы сіл і вольнага часу, каб быў хлеб на стале.

Не за гарамі – восеньская сяўба, калі аграрыям належыць спрацаваць таксама зладжана, аператыўна і вынікова.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: