Які ўзрост, на вашу думку, аптымальны, каб пачаць займацца выяўленчым мастацтвам?
Нехта скажа, дашкольны або пачатковая школа, іншы заўважыць, што крыху пазней, калі развіваецца ўседлівасць і працавітасць. Аднак суперматуля Вольга напэўна ведае адказ на гэта пытанне: калі маленькі чалавек пачынае трымаць аловак або пэндзаль у руках – ужо самы час маляваць, а ў хуткім часе і ўдзельнічаць у конкурсах.
Яе дачка Аляксандра Вінцукевіч – маленькі цуд, чый талент расцвіў дзякуючы любові і ўважлівасці родных. У свае чатыры з паловай гады яна ўжо заслужыла высокія ўзнагароды рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў – дыплом лаўрэата ІІ ступені V дзіцяча-юнацкага мастацкага конкурсу “Намалюй гэты свет”, дыплом і медаль лаўрэата ХІХ Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі “На сваёй зямлі”, дыплом пераможцы ІІІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай творчасці “Калядная палітра”. Усё гэта літаральна за апошнія паўгода! За гэты час юная мастачка Саша Вінцукевіч паспела пазнаёміцца з выдатнымі мастакамі Беларусі, паўдзельнічаць у пленэрах на Дзятлаўшчыне і за межамі раёна і іншых цікавых мерапрыемствах. Узляцець на небасхіле мастацтва ёй, як два крылы, дапамагаюць любімая матуля і педагог Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Лукашэня.
– Здольнасці да малявання і жаданне ім займацца адкрыліся ў Аляксандры ў вельмі раннім узросце. Помню, ужо ў год і адзінаццаць месяцаў дачка малявала людзей – маму, тату, бабулю. З маленства яна вельмі настойлівая і скрупулёзная ў давядзенні да канца любых спраў. Думаю, гэта дапамагло таксама, – кажа Вольга Вінцукевіч. – Я сама настаўніца, зараз у дэкрэтным адпачынку, таму пастаралася падтрымаць гэта пачынанне на максімум. Мы бясконца шмат малявалі, ляпілі з пластыліну, чыталі кніжкі з яркімі ілюстрацыямі. Думаю, усё гэта паўплывала. Нават план заняткаў калі-нікалі распісвала.
Доўгі час сям’я Вінцукевічаў жыла ў Мінскай вобласці, а пасля нараджэння малодшага сына Данііла вярнулася на радзіму мужа ў Дзятлава.
– Горад мне вельмі спадабаўся: утульны, прыгожы, чысты, тут вельмі зручна з маленькімі дзеткамі, – падзялілася Вольга Валер’еўна. – Лёс склаўся так цудоўна, што нашай суседкай па пад’ездзе апынулася Жанна Вячаславаўна, якую вельмі зацікавіла творчасць Аляксандры, яна прапанавала займацца мэтанакіравана і пачаць удзельнічаць у конкурсах. Вынік здзівіў і мяне, і нават саму настаўніцу: работы юнай мастачкі не проста заўважылі, а высока ацанілі конкурсныя камісіі.
Аляксандру разам з мамай і настаўніцай запрасілі на цырымонію ўзнагароджання, дзе, чакана, яна была самай маленькай.
– У Сашкі вельмі вялікае жаданне працаваць і развівацца, якое мы старанна падмацоўваем, – расказвае Вольга Вінцукевіч. – Яна робіць усё новыя і новыя поспехі, шмат і старанна займаецца, вельмі цікава фантазіруе і адлюстроўвае свой казачны свет на паперы.
У астатнім Саша – звычайная дзяўчынка, якая ахвотна бавіць час з роднымі дома і на прыродзе, любіць свае цацкі, прысмакі і прыгоды, сябруе ў садку № 2 горада Дзятлава і марыць аб нечым цудоўным, што абавязкова збудзецца.
– У школу мастацтваў будзеце запісвацца? – пытаю на развітанне ў Вольгі Вінцукевіч.
– Абавязкова! Але зможам гэта зрабіць толькі праз два гады, калі Аляксандра пойдзе ў першы клас агульнаадукацыйнай навучальнай установы.
У Дзятлаўскай школе мастацтваў з нецярпеннем чакаюць адораную вучаніцу, Жанна Лукашэня мяркуе дзяўчынцы вялікую мастацкую будучыню і абяцае падтрымаць яе ў захапляльным, але няпростым, поўным стараннай працы і мэтанакіраванасці шляху да поспеху.
Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, з сямейнага архіва
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga