Падрыхтоўка да ўборачнай кампаніі, рамонт школ, кантроль за выкананнем асартыментнага пераліку ў магазінах Дзятлаўшчыны, “перасяленне” ў лячэбна-працоўны прафілакторый – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Школы будуць як новыя
Адной з галоўных тэм нарады стала падрыхтоўка навучальных установаў да новага навучальнага года. Сапраўды, толькі пару дзён прайшло, як адгучалі гукі развітальнага вальса, большасць навучэнцаў пачала расслабляцца на доўгіх летніх канікулах, а школы ўжо распачынаюць рамонтныя работы. У нашым раёне 12 школ, распрацаваны планы бягучых рамонтаў ва ўсіх, акрамя таго, будаўнікі зоймуцца двума буйнымі аб’ектамі капітальнага рамонту – дахамі сярэдняй школы № 3 райцэнтра і вучэбнага корпуса Новаяльнянскай сярэдняй школы.
Цяпер на падвозе вучняў працуюць 11 школьных аўтобусаў, да канца года плануецца набыццё за сродкі раённага бюджэту яшчэ аднаго.
З аганьком
На мінулым тыдні ў раёне адбыліся два пажары: аўтамабіль успыхнуў ад нядбайнага правядзення зварачных работ, гаспадарчая пабудова згарэла з-за дзіцячага свавольства. Апошняму здарэнню нададзена асаблівая ўвага – адпачынак дзяцей павінен быць бяспечным.
Увогуле, рост пажараў у першым паўгоддзі адзначаецца ў Казлоўшчынскім і Дварэцкім сельсаветах. Старшыня райвыканкама паставіў задачу суб’ектам прафілактыкі адпрацаваць населеныя пункты на іх тэрыторыі. Яшчэ Андрэй Садоўскі даручыў ратаўнікам праверыць сельскагаспадарчыя аб’екты, у прыватнасці склады, зернесушыльныя комплексы, а таксама як выконваецца пажарна-тэхнічны мінімум у сельгаспрадпрыемствах.
“ГрадусПлюс” па сельскай гаспадарцы
Як і новы навучальны год у сферы адукацыі, так і жніво ў сельскай гаспадарцы яшчэ не надышло, але падрыхтоўка да яго ідзе поўным ходам – гэта адказны этап уборачнай кампаніі. На жаль, не ўсе арганізацыі раёна сур’ёзна да яго падышлі. Застаецца адкрытым пытанне камплектацыі экіпажаў камбайнераў у ААТ “Дварэц-Агра”. Зразумела, што калі няма камбайнераў, то і падрыхтоўка камбайна ідзе павольна і бескантрольна.
Таксама адзначылі на нарадзе, што гаспадаркам неабходна актывізаваць работу па здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў. Напрыклад, за красавік-май “Войневічы”, “Граніт-Агра”, “Дварэц-Агра” не здалі ніводнай тоны металалому.
Ёсць пытанні і па жывёлагадоўлі. На некаторых комплексах, фермах адбываецца зніжэнне вытворчасці малака.
Гучалі заўвагі Андрэя Уладзіміравіча і ў адрас упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga