Дзелавы панядзелак. Дзе ў рабочым рэжыме, а дзе – актывізавацца

Важнае Улада

Парадак, у тым ліку ў паводзінах жыхароў і гасцей нашага горада, нарыхтоўка кармоў, падрыхтоўка тэхнікі да жніва, рамонт будынкаў – гэтыя і іншыя пытанні абмеркаваны на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі і спецыялістамі службаў.

Адным перашкаджаюць восы, другім – чужая маёмасць

Адносна спакойным мінулы тыдзень выдаўся для раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях: паведамленняў аб пажарах не паступала, затое ў спёку распладзіліся джаланосныя насякомыя, і ратаўнікоў пяць разоў выклікалі жыхары, каб яны ліквідавалі гнёзды гэтых “непажаданых суседзяў”. Яшчэ адзін выклік адбыўся, калі гаспадары не змаглі адчыніць дзверы і трапіць у хату. Дапамаглі работнікі аддзела і буслінай сям’і – паднялі на гняздо бусляня. У планавым парадку прадаўжаецца работа па праверцы супрацьпажарных мераў бяспекі ў прыватных домаўладаннях, адзін грамадзянін прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. На гэтым тыдні ў гаспадарках раёна ратаўнікі плануюць правесці маніторынг складоў грубых кармоў, праверыць падрыхтоўку да ўборачнай кампаніі.

У аддзел унутраных спраў райвыканкама за мінулую сямідзёнку паступіла 49 паведамленняў, узбуджаны 2 крымінальныя справы. Сярод злачынстваў – спроба крадзяжу лаўкі з дачы, а 29 мая адбылося дарожна-транспартнае здарэнне на скрыжаванні каля вёскі Баравікі. З пабочнай дарогі на галоўную выязджаў пенсіянер з Міншчыны, які не ўпэўніўся ў бяспецы свайго манеўра, у выніку чаго пацярпеў вадзіцель вялікагруза, які рухаўся па галоўнай дарозе.

З 1 чэрвеня міліцыя Дзятлаўшчыны далучылася да рэспубліканскай спецыяльнай праграмы “Мак”. Ужо ў першыя дні работы выяўлена гэта дзікая расліна на закінутых участках у Мядзвінавічах і Скіпоравічах. У жыхаркі Драбавічаў на агародзе знішчана 1,475 кілаграма алейнага маку.

У ЛПП за май былі ізаляваны 6 грамадзян, а ўсяго з пачатку года –14, і работа з аматарамі моцных напояў прадаўжаецца.

Летам праваахоўнікі ажыццяўляюць патруляванне вуліц і месцаў для адпачынку ў Дзятлаве, у тым ліку ладзяцца пешыя рэйды.

Андрэй Садоўскі адзначыў, што гэтаму кірунку неабходна надаваць належную ўвагу, бо пачаліся канікулы, надвор’е спрыяе адпачынку моладзі, а паводзіны людзей у скверах і на вуліцах павінны быць культурнымі.

– У грамадскіх месцах неабходна падтрымліваць правапарадак. У нас дастаткова камер відэаназірання і іншых рэсурсаў, каб яго забяспечыць, – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч.

Будуць кармы – будзе і малако

У гаспадарках раёна прадаўжаецца закладка кармоў. Калі ў цэлым да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года Дзятлаўшчына плюсуе па кармавых адзінках (+ 1,99), то канкрэтна па гаспадарках “карціна” розная. Спазняецца па першым укосе ААТ “Граніт-Агра”, адставала, але паскорылася КСУП “Жукоўшчына”.

Андрэй Садоўскі звярнуў увагу спецыялістаў, што падобнага быць не павінна, тым больш што корманарыхтоўчая тэхніка ёсць.

На гэтым тыдні плануецца актывізаваць работу па падкормцы кукурузы. Ажыццяўляецца рамонт збожжасушылак і камбайнаў, бо жніво з-за спякотнага надвор’я можа пачацца раней.

Рознае

На мінулым тыдні ў Гродзенскім аблспажыўтаварыстве прайшла рабочая нарада, на якой сярод іншых разгледжана пытанне аб далучэнні напрыканцы гэтага года стратнага Навагрудскага філіяла да прыбытковага Дзятлаўскага.

 Сёлета спажывецкая кааперацыя адзначае важкую дату –  100-годдзе ўтварэння органаў гандлю Беларусі. З гэтай нагоды на абласны этап конкурсу малюнкаў “Работнікі гандлю вачамі дзяцей” свае работы падалі Новаяльнянская сярэдняя школа і сярэднія школы № 1 і № 3 горада Дзятлава, будзем чакаць падвядзення вынікаў.

 Мяркуецца, што на гэтым тыдні завершыцца экспертыза праектна-каштарыснай дакументацыі па першай чарзе рамонту лазнева-аздараўленчага комплексу горада Дзятлава і будзе аб’яўлены тэндар па пошуку арганізацыі-падрадчыка.

Кіпіць работа на аб’екце капітальнага рамонту арэнднага жылля гарпасёлка Казлоўшчына (былы будынак інтэрната). Ужо выканана ўмацаванне паверхаў, уцяпленне ўнутранай сцяны, працуе брыгада муляраў, закуплены матэрыялы для даху.

На пастаянным кантролі ў раёне знаходзяцца пытанні падрыхтоўкі да новага ацяпляльнага перыяду, а таксама падрыхтоўка ўстановаў адукацыі да навучальнага года. Сёлета адбудзецца бягучы рамонт харчблока дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава, на які мяркуецца патраціць 130 тысяч рублёў. Да 1 верасня ў Дзятлава прыбудзе новы школьны аўтобус.

Ідзе працэдура закупкі аўтобуса-газэлі МАЗ на 16 месцаў для раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Завяршыліся работы па зносе будынка Горкаўскай школы, цяпер прылеглая да былога аб’екта тэрыторыя будзе ачышчана ад старых пладовых дрэваў.

На пастаянным кантролі ў раёне знаходзіцца навядзенне парадку, выкошванне травы, стан прыдарожных палосаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga