Бяспека на канікулах у прыярытэце

Важнае Здарэнні і бяспека

Згодна са статыстыкай дзеці і падлеткі часцей трапляюць у крымінальныя сітуацыі на летніх канікулах, таму міліцыя Гродзеншчыны ўзмацніла прафілактычную работу з непаўналетнімі.

Сярод формаў узаемадзеяння з дзецьмі і папярэджання негатыўных з’яваў у падлеткавым асяроддзі – выезды ў аздараўленчыя летнікі, правядзенне рэйдаў па месцах масавага адпачынку і збору моладзі, кантроль за цяжкімі падлеткамі.

На мінулым тыдні начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Віктар Петрукевіч і старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі АСВОД Сяргей Шпакоўскі сустракаліся з адпачывальнікамі школьных летнікаў – кругласутачнага “Краязнаўцы” (на базе Гезгалаўскай сярэдняй школы), летнікаў працы і адпачынку “Юнацтва” і дзённага “Летняя акварэлька” (на базе Вензавецкай сярэдняй школы).

Госці нагадалі дзецям правілы бяспечных паводзінаў. Віктар Петрукевіч акцэнтаваў увагу на тых правапарушэннях, якія найчасцей учыняюць непаўналетнія. Гэта познія прагулкі без суправаджэння дарослых, ужыванне алкаголю або знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення, дробныя хуліганствы, часам – крадзяжы. Ён параіў навучэнцам знаходзіць карысную і здаровую альтэрнатыву для баўлення вольнага часу.

Сяргей Шпакоўскі расказаў, якую небяспеку тоіць вада і што трэба памятаць, каб не стаць яе ахвярай. Ён нагадаў, што купацца ў нашым раёне можна толькі на гарадскім пляжы ў Дзятлаве і пляжы санаторыя “Радон”, на астатніх вадаёмах купанне забаронена. Старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі АСВОД запрасіў адпачывальнікаў летнікаў разам з іх педагогамі цэнтралізавана наведаць курсы з інструктарам па навучанні плаванню, якія ладзяцца на пляжы райцэнтра, ці проста бяспечна адпачыць каля вады пад наглядам ратаўнікоў ратавальнага паста.

Пасля прафілактычных размоваў у навучэнцаў была магчымасць пазнаёміцца з міліцэйскай спецтэхнікай, зброяй і спецсродкамі, пафатаграфавацца на памяць.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі арганізатараў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga