У чэрвені сваё свята адзначыў аграгарадок Раклевічы.
Дзякуючы работнікам культуры і землякам, якія сабраліся, каб аддаць даніну пашаны роднай зямлі, урачыстасць выдалася па-дамашняму цёплай і шчырай. Удзел у ёй прыняў старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Ігар Хітро.
Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці пастараўся арганізаваць свята так, каб яно пакінула самыя пазітыўныя эмоцыі і запомнілася аднавяскоўцам. Галоўнымі героямі сустрэчы сталі вядомыя, працавітыя, шчырыя і адданыя сваёй малой радзіме жыхары аграгарадка, а яркія музычныя віншаванні прысутным дарылі народны тэатр-студыя гульні “Суседзі”, Іван Кашко, Ала Чарняўская, Сяргей Малышчык, Таццяна Шостка, Святлана Венская, Ірына Бакшук.
Самыя душэўныя словы прагучалі для пажылых жыхароў Раклевічаў, працавітыя рукі якіх не ведаюць стомы, а вочы напоўнены дабрынёй і мудрасцю. Землякі павіталі на свяце самую ганаровую доўгажыхарку Зінаіду Іосіфаўну Юрчук, якая нарадзілася 7 мая 1931 года і нядаўна адзначыла свой 93-і дзень нараджэння.
Каб не гублялася сувязь паміж пакаленнямі, павіншавалі і самую маленькую жыхарку аграгарадка Еву Усцімаву, якая нарадзілася 4 мая 2023 года.
Дарэчы, для юных удзельнікаў урачыстасці былі арганізаваны традыцыйныя беларускія гульні, а ў гандлёвым кіёску можна было набыць салодкую вату і папкорн.
Не засталіся без інтэрактыву і прадстаўнікі старэйшага пакалення. Ім прапанавалі майстар-клас па побытавых танцах ад тэатра-студыі “Суседзі”. Разам артысты і госці адплясвалі кракавяк, нарэчаньку, падыспань.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі сектара
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga