На базе Раготнаўскага дзіцячага сада прайшоў прававы прафсаюзны прыём грамадзян.
На пытанні жыхароў раёна, работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў адказалі галоўны прававы інспектар працы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Грэцкая, пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Юранкова.
На прафсаюзны прыём звярнуліся чатыры чалавекі. Аднаго з іх, пенсіянера, цікавіла арганізацыя турыстычнага абслугоўвання ветэранаў прафсаюзнага руху. Наступнае пытанне ад дзятлаўчан тычылася парадку афармлення работніка на некалькі пасадаў. Яшчэ адзін наведвальнік цікавіўся, што рабіць, калі працоўная кніжка была пашкоджана агнём. Па ўсіх зваротах былі дадзены падрабязныя тлумачэнні.
Загадчыца Раготнаўскага дзіцячага сада Людміла Лепка папрасіла дапамогі ў прававой сферы. Сёлета навучальную ўстанову чакае працэдура ліквідацыі, таму важна правесці яе законна і па-людску.
Наталля Грэцкая дапамагла кіраўніку ўстановы дэталёва разабрацца ў сітуацыі.
– Важна ўлічыць інтарэсы кожнага работніка, прапанаваць месца працы, якое будзе яго задавальняць, або выплаціць кампенсацыю ў належным аб’ёме, каб ні адзін чалавек не быў пакрыўджаны, – засяродзіла ўвагу Наталля Валер’еўна. – Наймальнікі, якія вырашаюць схітрыць і нешта выкруціць у такіх сітуацыях, потым могуць сустрэцца з работнікамі ў судзе.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga