Вас памятае свет уратаваны. Юбілейны медаль – для шаноўнай Марыі Якаўлеўны

Галоўнае Улада

Напярэдадні Дня Перамогі  97-гадовая працаўніца тылу Марыя Цімафейчык прымала гасцей.

Павіншаваць паважаную зямлячку з 9 Мая і ўручыць юбілейны медаль “Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”,  у аграгарадок Дзераўная Слонімскага раёна, дзе жанчына жыве ў дачкі, накіравалася дэлегацыя Дзятлаўшчыны на чале з намеснікам старшыні райвыканкама, старшынёй раённага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вадзімам Бяляткам.

Ён павіншаваў працаўніцу тылу з яшчэ адной пераможнай вясной, пажадаў моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

– Мы ганарымся такімі людзьмі як вы, тымі, хто адолеў фашызм і ў мірны час шмат працаваў на карысць роднай краіны, – сказаў Вадзім Аляксандравіч.

Начальнік групы тэрытарыяльнай абароны ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Андрэй Лаўнік уручыў Марыі Якаўлеўне памятны медаль.

– Згодна з Указам № 75 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 лютага 2024 года юбілейным медалём “80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” узнагароджваецца Цімафейчык Марыя Якаўлеўна, – агучыў радкі дакумента Андрэй Міхайлавіч і ад сябе дадаў: – Шчыра жадаю вам моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця пад мірным небам Беларусі.

Да віншаванняў далучыліся старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка, дзе доўгія гады жыла Марыя Цімафейчык, былыя калегі па працы – старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Святлана Дзяхцевіч і інспектар па кадрах Святлана Касцюк, валанцёры раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа.

Любімую ўсімі “Кацюшу” працаўніцы тылу падарылі работнікі Казлоўшчынскага дома культуры, якую падтрымалі ўсе прысутныя.

За гады Вялікай Айчыннай вайны Марыя Цімафейчык страціла амаль усю сям’ю. Сама яна да яе завяршэння працавала ў расійскім горадзе Мураме, на заводзе вырабляла снарады і запалы да гранатаў для савецкіх войскаў. Пасля Перамогі жанчына не змагла вярнуцца ў родныя мясціны на Смаленшчыну, бо яе дом быў спалены фашыстамі, прыехала да сваякоў у Беларусь, якая стала другой Радзімай. Усё дарослае жыццё жанчыны звязана з Дзятлаўскім раёнам, дзе Марыя Якаўлеўна пазнаёмілася з будучым мужам, стварыла сям’ю, тут нарадзіліся яе дзеці. Апошнія гады яна жыве ў дачкі ў Дзераўной, але любімую Дзятлаўшчыну не забывае.

Марыя Якаўлеўна ахвотна пагутарыла з гасцямі, падзялілася сваімі клопатамі і радаснымі момантамі. Сярод асабліва радасных  адзначыла сустрэчы з унукамі і праўнучкамі: са старэйшай яны спявалі дуэтам франтавыя песні, а малодшую, якой споўнілася толькі тры месяцы, прабабуля з любоўю трымала на руках.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ



Теги: