18 мая ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту – прафесійнае свята спартсменаў, настаўнікаў фізічнай культуры, трэнераў і ўсіх, чыя дзейнасць звязана з гэтай сферай.
Дата адметная і для прадаўжальніка трэнерскай дынастыі, настаўніка фізічнай культуры і спорту сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, удзельніка зборнай Дзятлаўскага раёна ў чэмпіянаце вобласці па футболе Вадзіма Якаўчыка, а таксама добрая нагода пагутарыць аб спартыўным прызванні, поспехах падапечных і вялікім футболе.
– Вадзім Уладзіміравіч, з чаго для вас пачаліся фізкультура і спорт?
– Як і ў многіх – з сям’і. Тата Уладзімір Канстанцінавіч быў педагогам фізічнай культуры, трэнерам, і я з самага дзяцінства цягнуўся за ім, бачыў трэніровачны працэс па ўсіх гульнявых відах спорту, рана пачаў сам займацца. Таксама вельмі натхнялі поспехі брата Аляксея, які не працаваў у сферы фізкультуры, але з захапленнем займаўся футболам, гуляў за дубль каманды “Нёман”. Думаю, ужо тады вырашыў, што са спортам буду не проста сябраваць, а гэта стане маёй прафесіяй. Таму пасля заканчэння сярэдняй школы падаў дакументы на факультэт фізічнай культуры ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
– Дзе стартавалі ў сваю прафесійную дзейнасць?
– Вярнуўся працаваць на малую радзіму: першае месца работы – Вензавецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа. У 2012 годзе перавёўся ў сваю родную 1-ю школу, дзе працую і сёння. На базе школы вяду секцыі па футболе і валейболе, а таксама з’яўляюся трэнерам у Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе па футболе, мае падапечныя – юныя футбалісты 2010-2012 гадоў нараджэння.
– Раскажыце аб поспехах падапечных.
– Нашы навучэнцы – удзельнікі зборнай раёна па футболе ў сваім узросце, пераможцы раённых спаборніцтваў па стрытболе, баскетболе. Сярод маіх навучэнцаў у агульнаадукацыйнай школе ёсць прызёры абласных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, прадстаўнікі зборнай Дзятлаўскага раёна на абласных спаборніцтвах “Залатыя таленты Гродзеншчыны” – гэта Арцём Заранкевіч, Мацвей Венскі, Яўген Кавальскі, які паказвае добрыя вынікі як у гэтым відзе спорту, так і ў футболе. Дзеці і моладзь матываваныя да спорту і мэтанакіраваныя: каля 70 % падапечных прыходзяць на трэніроўкі з жаданнем працаваць і дасягаць, але нават ад тых, хто наведвае секцыю “за кампанію”, можна чакаць прыемныя сюрпрызы.
– З якога часу пачалася для вас кар’ера футбаліста?
– З пачатковай школы наведваў спартыўныя секцыі, у асноўным футбол, з 8 класа пачаў гуляць у саставе дарослай раённай каманды “Славянка” і з таго часу – пастаянны ўдзельнік зборнай раёна. Мне пашчасціла гуляць у адной камандзе з вядомымі дзеячамі фізкультуры і спорту раёна Аляксандрам Жэгалам, Уладзімірам Лябецкім, пры іх я забіў свой першы гол за каманду ў чэмпіянаце вобласці галавой у вароты зборнай Мастоўскага раёна. За гэты час былі розныя сезоны – надзвычай паспяховыя і тыя, якія вымушалі задумацца.
– Як для вас праходзіць сёлетні чэмпіянат вобласці па футболе?
– Ён толькі пачаўся, пакуль “укатваемся”, каманда ФСК “Дзятлава” знаходзіцца на другой пазіцыі ў турнірнай табліцы. З трох сустрэч дзве былі пераможнымі, спадзяёмся далей прадоўжыць добрую тэндэнцыю. Састаў моцны, зладжаны, праўда, хацелася б, каб у яго ўваходзіла больш дзятлаўчан, пераважна з моладзі раёна. Настрой на гульню пазітыўны, бліжэйшая сустрэча будзе на родным полі з ФК “Ашмяны”.
– На вашу думку, што важней у спорце – талент ці дысцыплінаванасць?
– Дысцыпліна ў спорце на першым месцы. Таму надаю гэтаму вялікую ўвагу як на ўроках у школе, так і на трэніроўках. Можна быць бясконца таленавітым, але без сур’ёзнай работы над сабой немагчыма дабіцца поспеху.
– Дзе звычайна сустракаеце прафесійнае свята?
– Вясна і лета – самы актыўны час для заняткаў фізічнай культурай і спортам. Таму, як правіла, на рабоце, на нейкіх дзіцячых спаборніцтвах або на футбольным полі ў якасці гульца ў абласным чэмпіянаце. Сёлета ў гэты дзень будзем удзельнічаць з камандай школы ў “Зецельскім фэсце” на спартыўнай пляцоўцы.
– Якая верагоднасць, што сямейная спартыўная дынастыя прадоўжыцца?
– Думаю, шанц ёсць і вялікі. Сын Ілья заканчвае пачатковую школу і ўжо выдатна сябруе са спортам, удзельнічае ў зборнай раёна ў сваім узросце. Старэйшая дачка Вікторыя больш цягнецца да навукі.
– Што пажадаеце прафесіяналам, аматарам і проста неабыякавым да спорту людзям?
– Ва ўсе часы спорт – вельмі добрая справа, найперш для выхавання і загартоўкі характару падрастаючага пакалення. Жадаю ўсім ад яго не адварочвацца, знаходзіць час на заняткі фізкультурай асабіста, разам з сям’ёй, паказваючы дзецям добры прыклад, у вучнёўскім і працоўным калектыве. Спартыўныя залы і пляцоўкі школ раёна запрашаюць дзятлаўчан далучацца да актыўнага ладу жыцця.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga