Для масквічоў бацькі і сына Фраловых беларуская Наваельня стала месцам сямейнай памяці.
Тут на воінскіх могілках, якія размешчаны каля туберкулёзнай бальніцы, пахаваны іх бацька і дзед. У 1944 годзе воіны 169-й і 269-й стралковай рагачоўскіх Чырванасцяжных дывізій 3-й арміі 2-га Беларускага фронту вызвалялі пасёлак Наваельню і бліжэйшыя населеныя пункты ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яфрэм Фралоў загінуў у гэтых баях.
Напярэдадні Дня Перамогі Фраловы прыехалі ў Беларусь, у гарпасёлак Наваельня, каб ушанаваць памяць бацькі, дзеда. З задавальненнем прынялі тут удзел ва ўрачыстым мітынгу, які прайшоў у рамках акцыі “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”. Аляксей Яфрэмавіч і Аляксей Аляксеевіч звярнуліся да мясцовых жыхароў з падзякай за захаванне гістарычнай памяці, з нізкім паклонам за клопат і догляд помнікаў і магіл загінулых абаронцаў Радзімы, пажаданнем здароўя і дабрабыту кожнаму, працвітання – Беларусі. Пасля мітынгу наведалі знакаміты новаяльнянскі музей “Дзеці ліхалецця”.
– Мне было чатыры дні, калі бацьку прызвалі на фронт. На жаль, больш яго мы не ўбачылі. Пахаронка прыйшла, аднак дакладнае месца гібелі не было вызначана, толькі, што загінуў і пахаваны на тэрыторыі Беларусі, – падзяліўся ўспамінамі сын Аляксей Яфрэмавіч. – Пасталеўшы, я пачаў пошукі і напісаў у Брэсцкі ваенны камісарыят. Ужо адтуль далей распаўсюджваліся запыты і ўвогуле прыйшоў адказ, што месцам спачыну бацькі стала Наваельня. Упершыню ў Беларусь мы накіраваліся ў 1989 годзе. З таго часу хоць і не кожны год, але, па магчымасці, прыязджаем сюды, ушаноўваем памяць пра бацьку. Вельмі рады, што атрымалася зноў прыехаць. Краіна ўражвае прыгажосцю, дагледжанасцю і ветлівасцю. Нават не ўяўлялі, колькі прыкладваюць беларусы намаганняў для захавання неацэнных успамінаў пра вайну, перадаюць іх сваім дзецям, каб тыя ведалі, якую цану давялося заплаціць за мірнае неба над галавой. І гэта правільна.
Для даведкі
На воінскіх могілках у гарпасёлку Наваельня пахаваны 150 воінаў і партызан. Сярод іх – воіны 169-й і 269-й стралковай рагачоўскіх Чырванасцяжных дывізій 3-й арміі 2-га Беларускага фронту, якія загінулі ў ліпені 1944 года пры вызваленні Наваельні і бліжэйшых населеных пунктаў, а таксама герой Савецкага Саюза Іван Фурсенка. У 1955 годзе на магіле ўстаноўлены помнікі – скульптуры двух воінаў і 67 абеліскаў. Герою Савецкага Саюза Івану Фурсенку асобна ўсталяваны абеліск прамавугольнай формы цёмна-шэрага колеру з партрэтам загінулага.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ