“Час вярнуцца”: нацыянальная прэм’ера ў Дзятлаве

Важнае Культура і адпачынак

Дзятлаўчане далучыліся да агульнанацыянальнай прэм’еры гістарычнай драмы “Час вярнуцца” вытворчасці  кінастудыі “Беларусьфільм”.

Прэм’еру беларускія кінематаграфісты падарылі гледачам да Дня Перамогі. Першы адкрыты паказ прайшоў у кінатэатры “Спадарожнік” горада Дзятлава, які наведалі прадстаўнікі раённай улады, сілавых структур, працоўных калектываў раёна, а таксама вучнёўская моладзь.

Фільм заснаваны на рэальных падзеях і расказвае пра ўнікальную аперацыю беларускіх партызан, якія знайшлі праход у тыл ворага праз непраходнае балота. Дзякуючы даным партызанскай разведкі на балоце была пабудавана дарога-“ляжнёўка”, якая дала важную тактычную перавагу савецкім войскам у ходзе аперацыі “Баграціён”.

Прататыпамі галоўных герояў карціны сталі рэальныя байцы і камандзіры партызанскіх атрадаў, прадстаўнікі розных народаў СССР, якія змагаліся з фашыстамі на беларускай зямлі. У кінастужцы зняліся вядомыя беларускія і расійскія акцёры.

Дзятлаўчане падзяліліся меркаваннем аб фільме.

Андрэй Садоўскі, старшыня раённага выканаўчага камітэта:

– Фільм “Час вярнуцца” – даніна ўдзячнай памяці беларусаў подзвігу дзядоў-герояў і прадзедаў. Шматпланавая, складаная карціна, якая закранае адзін з самых трагічных перыядаў гісторыі Беларусі. У фільме мы бачым падрыхтоўку аперацыі “Баграціён” пры актыўным удзеле партызанскага руху. Нездарма Беларусь называюць партызанскай: з фашызмам змагаліся ўсе слаі насельніцтва, ствараліся партызанскія атрады, якія аказвалі дапамогу дзеючай арміі і зрабілі значны ўклад у Вялікую Перамогу. Падзеі карціны адбываюцца паблізу Оршы, але яны вельмі блізкія да гісторыі партызанскага руху на Дзятлаўшчыне. 

У фільме ўразіла многае – дынамічная сюжэтная лінія, якая трымае ў напружанні ад пачатку да канца, гістарычная дакладнасць: на працягу кінасеанса часам забывалі, што перад намі мастацкая карціна, а не дакументальная хроніка. Аўтары фільма ўважліва падышлі да дэкарацый, касцюмаў і рэквізіту – такія рэчы беражліва захоўваюць музейныя экспазіцыі ўсіх без выключэння беларускіх гарадоў і мястэчак.

“Час вярнуцца” – дастойная кінастужка, вартая ўвагі. Выдатны падарунак беларусам ад кінастудыі “Беларусьфільм” да 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

Наталля Якабчук, педагог сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава:

– Усе мы са школьных гадоў з гісторыі Беларусі ведаем пра вызваленчую аперацыю “Баграціён”, але напэўна не ўяўлялі сабе ўсяго маштаба падрыхтоўчай і тактычнай работы для яе паспяховага завяршэння. Рада, што раней невядомыя постаці мінуўшчыны набываюць выразныя абрысы. Час ідзе, адкрываюцца новыя факты зверстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Беларусі, генацыду беларускага народа. Мы не маем права забыць трагічныя і слаўныя старонкі гісторыі нашай краіны, а кінематограф – адзін з выдатных сродкаў увекавечыць факты гісторыі ў памяці нашчадкаў.

 

Дар’я Пятроўская, навучэнка 10 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава:

– Мне падабаецца глядзець кінастужкі пра Вялікую Айчынную вайну, гераізм нашых салдат і камандзіраў, які пераплятаецца з іх розумам, дасціпнасцю. Такія фільмы заўжды “чапляюць”: мы быццам самі там знаходзімся ў гушчы падзей. І хоць даўно ёсць спойлеры і мы ведаем, што 9 мая будзе Перамога, хвалюемся і суперажываем героям фільма. У цэнтры сюжэта – партызанскі рух у Беларусі, у гэтым плане Дзятлаўшчыне таксама ёсць што расказаць. А раптам прыйдзе час і нехта захоча ўвасобіць у кінафільме нашу гісторыю пра Іосіфа Філідовіча і партызанскі шпіталь.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ



Теги: