Маніторынгавая рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі наведала Дзятлаўшчыну ў рамках правядзення штогадовых планавых мерапрыемстваў.
У састаў групы ўвайшлі тэхнічныя інспектары працы абласных галіновых прафсаюзных арганізацый Алена Вянцковіч, Аляксандр Балотнікаў, Павел Лапкоўскі, Віктар Ражко, Вольга Саўко.
На дзятлаўскай зямлі гасцей павітаў і коратка азнаёміў з найбольш буйнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна, а таксама тымі, што ўвайшлі ў спіс аб’ектаў для маніторынгу, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка.
Увага прафсаюзных інспектараў была скіравана на прафілактыку вытворчага траўматызму, узаемадзеянне з наймальнікамі па стварэнні здаровых і бяспечных умоваў для работнікаў, павышэнне эфектыўнасці грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства аб ахове працы.
У працоўных калектывах спецыялісты прааналізавалі бяспечнасць эксплуатацыі машын і механізмаў, арганізацыю рабочых месцаў і месцаў адпачынку, своечасовасць інструктажоў, вядзенне адпаведнай дакументацыі, выкананне калектыўна-дагаворных абавязкаў па пытаннях аховы працы.
За час маніторынгу яны наведалі Казлоўшчынскі псіха-неўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, КСУП “Войневічы”, СГФ “АграМілк”, Казлоўшчынскія дзіцячы сад і сярэднюю школу, ТАА “Панэкспа”, Казлоўшчынскае лясніцтва, цэнтральную раённую бальніцу, Дзятлаўскі райЦГЭ.
Па выніках рэйдаў у зале пасяджэнняў райвыканкама адбыўся семінар-нарада з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя Баравіка, на якім былі падведзены вынікі кантролю.
– Раз у год мы бываем на тэрыторыі кожнага раёна, галоўная мэта прыезду – метадычная дапамога. Наша агульная задача – арганізаваць работу так, каб у работнікаў былі здаровыя і бяспечныя ўмовы працы, – адзначыла галоўны тэхнічны інспектар працы абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Вянцковіч. – На жаль, нягледзячы на прымаемыя меры, у 2023 годзе мы не пазбеглі няшчасных выпадкаў: іх зарэгістравана 233 у вобласці, з якіх 13 – смяротныя, у тым ліку 2 здарыліся на Дзятлаўшчыне. У шасці выпадках гібелі былі вінаватыя самі работнікі. Калі казаць аб траўмаванні, то віна наймальніка ўстаноўлена ў 19. Таму неабходна ўдасканальваць работу, бо даражэйшага за чалавечае жыццё нічога няма.
У сваіх выступленнях спецыялісты адзначылі, што на Дзятлаўшчыне патрабаванні да бяспекі працы ў асноўным выконваюцца, хаця сустракаюцца пэўныя недахопы. Сярод іх былі хібы ў вядзенні дакументацыі, выкарыстанні спецыяльнага адзення і абутку, падтрыманні належнага стану бытавых памяшканняў, неадпаведнасці электраінструментаў патрабаванням бяспекі і некаторыя іншыя. Па кожнай арганізацыі будуць прапісаны рэкамендацыі па ўхіленні недахопаў, якія вышлюць не толькі гэтым арганізацыям, але і ў райвыканкам для ажыццяўлення кантролю.
Са знакам плюс адзначана работа па ахове працы, якая вядзецца ў Дзятлаўскім лясгасе, нездарма гэта ўстанова па выніках 2023 года заняла другое месца ў вобласці, аб чым расказаў галоўны тэхнічны інспектар працы абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Павел Лапкоўскі.
– Маніторынг паказаў, што яшчэ ёсць над чым працаваць, – падвёў вынікі Дзмітрый Баравік. – Дробязяў у ахове працы не бывае. Хочацца, каб з кожным годам колькасць няшчасных выпадкаў у арганізацыях Дзятлаўшчыны змяншалася і “работа над памылкамі” давала свой плён.
За праведзеную работу і метадычныя рэкамендацыі ўдзельнікам рэйдавай групы падзякаваў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік:
– Усе мы – і прафсаюзы, і наймальнікі робім адну важную справу: імкнёмся, каб нашы людзі былі здаровымі і паспяхова працавалі дзеля дабрабыту сваіх сем’яў і сваёй краіны.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga