Вуліцы горада, названыя імёнамі герояў. “Дружба” і яго камандзір Іван Аляксеевіч Жолабаў

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Іван Жолабаў нарадзіўся 26 ліпеня 1917 года ў вёсцы Вялікая Гара Халмагорскага раёна Архангельскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Ён рана застаўся без бацькоў на руках 20-гадовай сястры. У 11 гадоў пайшоў на работу да кулака, каб атрымаць грошы на адзенне і падручнікі. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў на камсамольскай рабоце, журналістам у архангельскіх газетах “Штурм”, “Паўночны камсамолец”, “Праўда Поўначы”. У 1940 годзе добраахвотна ўступіў у лыжны батальён, які накіроўваўся на фінскі фронт.

Вялікая Айчынная вайна  застала Івана Жолабава студэнтам 2-га курса Свярдлоўскага інстытута журналістыкі. У 1941 годзе стаў добраахвотнікам Чырвонай Арміі. Яго накіроўваюць у Хабараўскую школу НКУС, пасля заканчэння якой паступае ў распараджэнне спецаддзела Заходняга фронту.

З 2 жніўня 1943 года Іван Аляксеевіч пад мянушкай “Капитан Северный” узначальвае атрад спецыяльнага прызначэння “Дружба”, які дзейнічаў на Гомельшчыне. За кароткі час з сямі чалавек вырастае вялікі боездольны атрад. Узрываюцца цэлыя ўчасткі чыгуначнага палатна, ляцяць пад адхон саставы з баявой тэхнікай і жывой сілай гітлераўцаў. Атрад “Дружба” аказаў вялікую дапамогу наступаючым часцям і злучэнням 1-га Беларускага фронту ў правядзенні аперацыі па вызваленню Гомеля, Рэчыцы, і іншых населеных пунктаў.

З’яўленне Івана Жолабава з атрадам з 15 чалавек на Нёмане было выклікана складаным становішчам у дадзеным рэгіёне. Буйныя нямецкія гарнізоны стаялі ў Дзятлаве, Казлоўшчыне, Наваельні, Навагрудку, а таксама ўздоўж чыгункі Ліда – Баранавічы, Ліда –Гродна. Фашысты сцягнулі на левы бераг Шчары і правы бераг Нёмана ў раёне Ліпічанскай пушчы буйныя воінскія падраздзяленні.

У Прынямонні Іван Аляксеевіч з’явіўся ўжо вопытным камандзірам атрада і сталым разведчыкам. І таму, азнаёміўшыся з абстаноўкай на месцы, ён прымае рашэнне: асноўныя сілы, радыстку і грузы пакінуць на Нёмане. За параўнальна кароткі тэрмін атрад “Дружба” павялічваецца ў некалькі разоў і становіцца буйнай баявой адзінкай, здольнай вырашаць самастойна баявыя задачы. На дапамогу яму прыйшлі падпольныя партыйныя і камсамольскія арганізацыі.

Падрыўнікамі атрада было пушчана пад адхон 22 варожыя эшалоны, знішчана 25 паравозаў, 169 вагонаў з жывой сілай і тэхнікай, паранена і забіта больш за 750 салдат і афіцэраў праціўніка, больш за 100 узята ў палон.

Іван Жолабаў асабліва шмат займаўся брыгадай СС РОНА, а здраднік Камінскі быў адным з важнейшых аб’ектаў для знішчэння. Выяўлена і знішчана больш за 400 здраднікаў Радзімы і агентаў праціўніка.

Пасля вызвалення Дзятлаўскага раёна штаб атрада “Дружба” каля месяца знаходзіўся ў Дзятлаве, ён унёс вялікі ўклад у падрыхтоўку ўстанаўлення Савецкай улады ў раёне, а Іван Аляксеевіч шмат працаваў над фарміраваннем установаў і асабіста займаўся падборам кадраў.

Пасля вайны ён працаваў у органах КДБ. У маі 1951 года ён быў пераведзены ў Алтайскае ўпраўленне, а ў снежні 1967-га па стану здароўя пайшоў у адстаўку.

На заслужаным адпачынку Іван Аляксеевіч узяўся за літаратурную дзейнасць. Выкарыстоўваючы матэрыялы архіваў, свой асабісты дзённік, ён адшукаў удзельнікаў вайны і ўмела выкарыстаў іх успаміны. У выніку вялікай і карапатлівай працы ў 1972 годзе выйшла яго першая кніга “За лініяй фронту таксама вайна”, у 1975-ым – “На Нёмане чакаюць сваіх”, а ў 1978-ым – “Сцежкі разведчыкаў”.

У студзені 1982 года Івана Аляксеевіча Жолабава не стала.

За баявыя і працоўныя заслугі ён быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі. Івану Жолабаву прысвоена званне Ганаровага чэкіста СССР.

Матэрыял падрыхтавала Вольга ЦЮШЛЯЕВА,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ

#УЛИЦЫ_ГЕРОЕВ_ГРОДНЕНЩИНЫ



Теги: