Арыенцір – на вынік

Грамадства Падзеі Свежыя навіны

Падведзены вынікі работы раённага педагагічнага марафона адукацыйных практык установаў дашкольнай адукацыі “Вопыт і ініцыятыва-2024”, прымеркаванага да Года якасці.

Як ён праходзіў і на што быў скіраваны, расказала метадыст раённага метадычнага кабінета Кацярына Гайдук.

– Старт шырокафарматнаму мерапрыемству з удзелам педагагічных работнікаў, выхаванцаў і іх бацькоў быў дадзены яшчэ 19 красавіка, – патлумачыла Кацярына Аляксандраўна. – Асноўнай мэтай марафону быў абмен практычным вопытам для павышэння прафесійнага майстэрства і творчага патэнцыялу спецыялістаў сістэмы дашкольнай адукацыі ў пытаннях развіцця і выхавання асобы дзіцяці ў працэсе асваення ім вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.

Спачатку ладзіўся завочны этап, па выніках якога аўтары лепшых адукацыйных праектаў былі запрошаны для іх стэндавай абароны. Яе трымалі работнікі дзіцячых садоў № 1 і № 2 горада Дзятлава, Гезгалаўскага, Казлоўшчынскага, Дварэцкага, Новаяльнянскага дзіцячых садоў, Вензавецкай і Круцілавіцкай сярэдніх школ. Яны прадставілі адукацыйныя праекты “Усе прафесіі важныя”, “Маленькія дзятлаўчане – грамадзяне Вялікай Краіны”, “Прафнавігатар “Кім стаць?”, “Пазнаём і даследуем дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі разам”, “Бяспечнае дзяцінства”, “Сваёй зямлёй я вельмі ганаруся”, “Энергазберажэнне – справа для кожнага, карысць для ўсіх”, “TikТok-праект”, “Беларуская гаворка: ярка, весела і звонка”.

У выніку да творчай абароны былі дапушчаны тры ўстановы: Гезгалаўскі дзіцячы сад з праектам “Усе прафесіі важныя”, дзіцячы сад № 2 горада Дзятлава, які прадстаўляў адукацыйны праект “Маленькія дзятлаўчане – грамадзяне Вялікай Краіны”, і Новаяльнянскі дзіцячы сад з работай “Прафнавігатар “Кім стаць?”.

На фінальныя мерапрыемствы педагагічнага марафону, якія ладзіліся ў фармаце творчай прэзентацыі непасрэдна ва ўстановах, мы запрасілі начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Марыну Лашкоўскую, прадстаўнікоў мясцовай выканаўчай улады, настаўнікаў пачатковых класаў, педагагічных работнікаў і бацькоў выхаванцаў.

Парадавала разнастайнасць метадаў і прыёмаў, якія “ўзялі на ўзбраенне” аўтары.

Па выніках педагагічнага марафону дыпломам І ступені адзначаны калектыў Гезгалаўскага дзіцячага сада, ІІ ступені – дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава, ІІІ ступені – Новаяльнянскага дзіцячага сада. Супрацоўнікі гэтых установаў прадставяць свой вопыт работы на абласным форуме педагагічных работнікаў сістэмы дашкольнай адукацыі “Развіццё асобы дзіцяці дашкольнага ўзросту ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі і сям’і”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: