Аляксандр Бараноўскі: “Зямля – наша багацце, яна не павінна пуставаць”

Важнае Улада

У Шчучыне пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай адбылося пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання. У цэнтры ўвагі былі праблемныя пытанні зямельна-маёмасных адносінаў.

Сваімі ўражаннямі ад удзелу ў сустрэчы падзяліўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:

– Як неаднойчы падкрэсліваў Прэзідэнт, для беларусаў, якія не маюць багатых нафтавых радовішчаў, іншых карысных выкапняў, сапраўдным багаццем з’яўляецца зямля, яна не павінна пуставаць і на ёй павінен падтрымлівацца парадак. У гэтым сэнсе Шчучынскі раён для сустрэчы быў выбраны не выпадкова: там даволі паспяхова ўключаюць у гаспадарчы абарот землі і былыя аб’екты ваенных гарадкоў, ствараюць новыя рабочыя месцы, вырабляюць запатрабаваную на ўнутраным і знешнім рынках харчовую прадукцыю.

Аднак размова тычылася розных момантаў. Напрыклад, у сувязі з развіццём прагрэсу, выкарыстаннем спадарожнікавых сістэм выяўлена нямала хібаў у дакументацыі на зямлю, з’явілася неабходнасць унясення змяненняў у зямельныя справы. Калі звяртацца па гэту працэдуру, то каштуе яна даволі дорага. Значыць ёсць неабходнасць урэгулявання падобных пытанняў на заканадаўчым узроўні.

Выяўлена шмат самавольна занятых участкаў зямлі, дзе грамадзяне паспелі ўзвесці гаспадарчыя пабудовы і нават жылыя дамы. З пункту гледжання закона – гэта парушэнне, якое трэба ўхіляць і важна вырашыць, якім чынам, бо гэта таксама людская маёмасць і фінансавыя затраты.

Ёсць рад пытанняў і па садовых таварыствах. У 90-х гадах, калі жылося няпроста, многія гараджане бралі для вырошчвання агародніны і садавіны дачныя ўчасткі, апрацоўвалі іх, узводзілі там невялікія збудаванні. Мінулі дзесяцігоддзі, многіх былых уладальнікаў ужо няма ў жывых, іх дзеці-ўнукі не спяшаюцца клапаціцца пра дачы, яны зарастаюць, у тым ліку інвазіўнымі раслінамі, што таксама патрабуе законных рашэнняў.

Узнікаюць пытанні і пры выкананні органамі мясцовай улады патрабаванняў указа № 116. Часам вельмі складана “дастукацца” да спадчыннікаў, яны не жадаюць уступаць у правы на нерухомасць, час зацягваецца, домаўладанні пустуюць, трухнеюць. Цудоўна, калі сельвыканкаму ўдаецца іх адчужыць, разабраць, уключыць зямлю ў гаспадарчы абарот мясцовай сельгасарганізацыі. Аднак бывае, што падобны ўчастак знаходзіцца ў цэнтры вёскі і гаспадарка не можа яго апрацоўваць з-за аддаленасці ад палеткаў. Да прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіравання Наталля Качанава звярнулася з заклікам старацца прадаваць ці аддаваць у часовае выкарыстанне дачнікам падобныя домаўладанні.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік на прыкладзе нашай вобласці расказаў аб рабоце ў сферы зямельна-маёмасных адносінаў і агучыў канкрэтныя прапановы па спрашчэнні бюракратычных складанасцяў. Закрануў і тэму механізму ўзаконьвання дарог, якія не маюць балансаўтрымальніка. Падкрэсліў, што гэты працэс няпросты і патрабуе значных фінансавых укладанняў.

Па выніках сустрэчы выпрацаваны рэкамендацыі для рэспубліканскіх органаў кіравання, якія дазволяць ім прымаць абгрунтаваныя заканадаўчыя рашэнні. Мы ж, у сваю чаргу, прадоўжым вырашаць пастаўленыя перад намі задачы.

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: