Адзіны дзень інфармавання. Набылі каласальны вопыт, сталі мацнейшымі

Важнае Улада

16 мая на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Выступала некалькі груп. З калектывам сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк” РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” сустрэлася інфармацыйная група першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі. Працавалі таксама групы намеснікаў старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі, Вольгі Жэлезоўскай, Дзмітрыя Баравіка.

З удзелам дэлегатаў, якія прадстаўлялі Дзятлаўшчыну на УНС, абмеркавалі ключавыя аспекты Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь, якое на гэты раз гучала пад дэвізам “Час выбраў нас”. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларусы – міралюбівы народ, “маніякальнае жаданне быць моцнымі гэтага свету нам абсалютна чужое, але мы ведаем, што значыць быць моцнымі ў імя міру”. Пакаленне пераможцаў Вялікай Айчыннай вайны даказала, што сіла нацый не ў капіталах, а ў сапраўдных каштоўнасцях, імкненні да справядлівасці, веры ў сябе. Калі на зямлю ступіў вораг, людзі, якія не жылі ў раскошы, перамаглі багатую Еўропу. Вайна за амбіцыі і грошы ніколі не прыносіла карысці, што адсочваецца і ў наш час на прыкладзе Украіны, а “каляровыя рэвалюцыі” не ўзнікаюць на пустым месцы. Дзе народ даведзены да галечы, а ў вярхоў кішэні трашчаць ад нарабаванага, вывесці людзей на вуліцы проста. Аналізуючы правал спробы мецяжу ў суверэннай Беларусі у 2020 годзе, кіраўнік дзяржавы адзначыў: “Мы набылі каласальны вопыт, сталі мацнейшымі”. Наша краіна ганарыцца вопытам стратэгічнага планавання: амаль 30 гадоў Усебеларускі народны сход у многім вызначаў дзяржаўны ўклад Беларусі. Сёлета ён упершыню пачаў работу ў новым канстытуцыйным статусе і стаў ахоўным буферам ад магчымых небяспечных працэсаў супраць інтарэсаў грамадства і дзяржавы. Асаблівая ўвага ў Пасланні Прэзідэнта была нададзена абстаноўцы ў свеце і пытанням нацыянальнай бяспекі. Беларускі лідар выразна абазначыў элементы цяперашняй стратэгіі дамінавання ЗША на міжнароднай арэне: “перакласці” канфлікт ва Украіне на плечы Еўрасаюза і НАТА, і на заходніх межах ужо групіруюцца сілы Паўночнаатлантычнага альянсу. Як лічыць Прэзідэнт, сістэму супрацоўніцтва і бяспекі нам можна і трэба будаваць у рамках кантынента – Вялікай Еўразіі. У гэтым плане сур’ёзны рэсурсны, гаспадарчы і транзітны патэнцыял мае Еўразійскі эканамічны саюз, набірае вагу Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. Наогул, ШАС і БРІКС – гэта прагрэсіўная сусветная большасць, бо надыходзіць час моцных. Не агрэсіўна моцных, а моцных духам. Сапраўдная моц вымяраецца імкненнем станавіцца лепшымі, рабіць лепшым свет, прымаць яго нацыянальную, канфесійную, ідэалагічную разнастайнасць, дапамагаць тым, хто слабейшы. Мы, беларусы, так разумеем моц нацыі.

– На сёмым УНС была зацверджана Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі – важны дакумент, які ёсць абсалютна ва ўсіх краін, не толькі ў Беларусі, – дапоўніў тэму Віталій Шулейка. – Беларуская канцэпцыя носіць выключна міралюбівы характар і нацэлена на абарону. Калі разгледзець яе больш дэталёва, то яна тычыцца не толькі знешніх ваенных, але і ўнутраных пагрозаў. У дакуменце пяць раздзелаў, вылучаюцца таксама біялагічная, дэмаграфічная, прамысловая, экалагічная, інфармацыйная бяспека. Акрэслены напрамкі, у якіх павінна рухацца наша краіна на шляху свайго развіцця.

Наступнымі былі разгледжаны такія актуальныя тэмы, як прафілактыка злачынстваў, звязаных з неправамерным завалоданнем рэквізітамі пластыкавых банкаўскіх картак, крадзяжом сродкаў з карт-рахункаў грамадзян і ў сферы высокіх тэхналогій; забеспячэнне бяспекі дзяцей пры арганізацыі іх аздараўлення ў летні перыяд; бяспека на вадзе, у час канікул; лясныя і тарфяныя пажары.

Напрыканцы сустрэч удзельнікам Адзінага дня інфармавання паказалі дакументальную кінастужку АНТ “Дзеці на прыцэле” аб завербаваных СБУ непаўналетніх.

У рамках Адзінага дня інфармавання 17 мая перад калектывам Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” выступіла абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віталіем Няверам, былі абмеркаваны аналагічныя тэмы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga