Хто такія сапраўдныя патрыёты Айчыны, напэўна, ведаюць удзельнікі раённага этапу рэспубліканскага ваенна-патрыятычнага конкурсу “Зарніца”, які прайшоў на Дзятлаўшчыне.
Сёлета за званне лепшых юнаармейцаў пазмагаліся сем каманд – піянерскіх атрадаў школ раёна 11-14-гадовага ўзросту.
Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна, раённы савета ГА“БРПА” і аддзел адукацыі райвыканкама.
Са словамі прывітання да ўдзельнікаў гульні звярнуліся намеснік ваеннага камісара – начальнік мабілізацыйнай групы ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Аляксандр Бургун і старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка. Яны пажадалі поспехаў піянерам і растлумачылі ўмовы конкурсаў.
Стартавалі іспыты традыцыйным аглядам строю і песні, дзе ўдзельнікам належала паказаць выпраўку, камандны дух, зладжанасць і ўзровень падрыхтоўкі. Асаблівая роля надавалася камандзіру атрада, дзеянні якога ацэньваліся асобным пунктам.
На конкурсных рубяжах юнаармейцы паказалі сваю медыцынскую падрыхтоўку, навыкі разборкі і зборкі аўтамата, інтэлект і эрудыцыю, веданне роднага краю ў час квіза “Старонкі гісторыі”.
Свае найлепшыя спартыўныя якасці канкурсанты змаглі прадэманстраваць на паласе перашкодаў, дзе старанне кожнага ўплывала на выніковы час каманды. Акрамя таго, атрады-ўдзельнікі загадзя падрыхтавалі дома відэавізітоўку і насценгазету “Баявы лісток”, якія таксама былі ацэнены баламі для каманд.
Каманды ішлі, што называецца, “нос у нос”, і толькі на фінішы лідарства замацавалася за атрадам “Салют” Казлоўшчынскай сярэдняй школы, які прадставіць Дзятлаўшчыну на абласным этапе “Зарніцы”. На другім месцы, за крок ад перамогі, спыніліся атрад “Факел” гімназіі № 1 горада Дзятлава, “Ракета” Гезгалаўскай і “Дзеці Айчыны” Круцілавіцкай сярэдніх школ. Бронзавымі прызёрамі сталі атрады “Патрыёт” і “Рэвальвер” сярэдніх школ № 1 і № 3 горада Дзятлава і “Патрыёты” Дварэцкай сярэдняй школы.
Сваімі эмоцыямі падзяліліся лідары лепшых атрадаў “Зарніцы-2024”.
Сяргей Каломнікаў, камандзір атрада “Салют”:
– Да конкурсу рыхтаваліся дастаткова доўга, старанна, таму ніводзін этап не выклікаў складанасцей. Асабліва нам падабаецца страявая падрыхтоўка, у ёй мы мелі найлепшы вынік. Паказалі, што АК-47 у нас па-майстэрску ўмеюць разбіраць і збіраць не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. У інтэлектуальным конкурсе таксама не падкачалі. Самым сёр’ёзным сапернікам, на маю думку, сёння была каманда гімназіі, рады, што мы аказаліся яшчэ мацнейшыя. У нас усё атрымалася, таму што былі дружныя і ўважліва слухалі свайго трэнера Святаслава Уладзіміравіча Буяка.
Ганна Сіневіч, камандзір атрада “Факел”:
– Грунтоўная падрыхтоўка нам дапамагла пачуваць сябе ўпэўнена на гэтых спаборніцтвах. Не вельмі дапрацавалі разборку і зборку аўтамата, аднак выдатна паказалі сябе ў час агляду строю і песні, нават пачулі высоку ацэнку ад прадстаўніка ваеннага камісарыята. Вельмі радасна нягледзячы на тое, што мы другія, усе сапраўдныя малайцы. Удзячна таварышам па камандзе, што сабраліся і выступілі найлепшым чынам, дастойна абараніўшы гонар сваёй навучальнай установы на раённым узроўні. Будзем расці, трэніравацца і перамагаць.
Сёлета ўпершыню да правядзення гульні “Зарніца” далучылася піянерыя раёна. Ірына Мішчанка расказала аб гэтым станоўчым вопыце:
– Сёння мы пабачылі сем каманд-удзельніц ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” – лепшых піянерскіх атрадаў нашага раёна. Заслужана перамаглі мацнейшыя – каманда Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Канкурсанты парадавалі выдатнай падрыхтоўкай, паказалі сябе з найлепшага боку, таму было вырашана адзначыць дыпломамі ўсіх удзельнікаў. Уважліва сачыла за іспытам па страявой падрыхтоўцы, каб прыгледзецца да кандыдатаў у ганаровы пінерскі каравул на “Вахту памяці”, што пройдзе ў час урачыстасцяў, прысвечаных гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Вялікай Перамозе.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga