Міжнародныя выставы “Адпачынак”, якія штогод праходзяць у Мінску, – выдатная практыка стасункаў з калегамі не толькі беларускіх рэгіёнаў, але і розных абласцей Расіі і іншых краін замежжа.
Пабыць там, адчуць сябе партнёрам многіх вопытных тураператараў, пагутарыць з калегамі, параўнаць сваю работу з работай турыстычных цэнтраў краіны і замежжа, зразумець, што ў нас ідзе добра, а над чым яшчэ трэба натхнёна працаваць – хіба гэта не найлепшы вопыт? І мы ўжо каторы год едзем па гэты вопыт.
Падрыхтоўка да выставы вялася на працягу некалькіх месяцаў. Каб годна прадставіць сваю пляцоўку, неабходна было яе абсталяваць, падрыхтаваць раздатачны матэрыял (плакаты, флаеры, візіткі), сувенірную прадукцыю (ручкі, статуэткі, пакеты). А яшчэ мы прыдумалі вобраз Дзятлаўшчыны турыстычнай – і гэта Дзятліца, дзяўчына з легенды пра назву нашага горада. Менавіта яна стала брэндам, па якім пазнаюць Дзятлава, і лагатыпам, знакам, што адрознівае нас ад іншых. Дзяўчына Дзятліца, прыгожая лялька, была зроблена майстрам Вольгай Жэгала. Тры дні, як той алавяны салдацік, адстаяла на выставе, прываблівала наведвальнікаў і прывезла дадому шмат карысных кантактаў і дамоўленасцей. Наша паліграфічная і сувенірная прадукцыя ўдзельнічала ў конкурсе, адстойвала на выставе Гродзенскую вобласць. Сярод экспанатаў на тым конкурсе красавалася і Дзятліца.
Паліграфічная прадукцыя трапіла ў рукі многіх наведвальнікаў, якія, мы ўпэўнены, абавязкова завітаюць на Дзятлаўшчыну.
У гэтым годзе быў зроблены новы выставачны стэнд, які раскрыў кірункі турызму, што развіваюцца ў нашым раёне, – Дзятлаўшчына гераічная, непаўторная, таямнічая і гасцінная. Цэнтральнай сёлета, у год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, стала патрыятычная тэматыка, таму было распрацавана восем чэк-лістоў, дзякуючы якім кожны жадаючы можа выбраць праграму падарожжа.
Сёлета на выставе “Адпачынак- 2024” былі прадстаўлены ўсе рэгіёны рэспублікі, а таксама ставілася задача знайсці партнёраў для супрацоўніцтва і падпісаць дамоўленасці з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. І з задачай наша дэлегацыя справілася паспяхова. Падпісаны дамоўленасці з аўтаномнымі некамерцыйнымі арганізацыямі “Турыстычны інфармацыйны цэнтр Уладзімірскай вобласці”, “Цэнтр развіцця турызму ў Заўраллі”, “Цэнтр развіцця турызму Смаленскай вобласці”. Мы ўпэўнены, што супрацоўніцтва дазволіць сустракаць турыстаў з суседняй краіны на нашай гасціннай дзятлаўскай зямлі.
А паколькі асноўнай тэмай нашага выставачнага стэнда стала патрыятычная, то для наведвальнікаў была падрыхтавана цэлая інтэрактыўная праграма, якую ажыццяўлялі супрацоўнікі Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў і Дзятлаўскага лясгаса – вялікі дзякуй ім за гэта. Наведвальнікі на нашым стэндзе маглі разгадаць красворд, злажыць пазлы на магнітнай дошцы па чатырох накірунках развіцця турызму, праспяваць разам з артыстамі ваенную песню і, вядома, станцаваць. А яшчэ Дзятлаўскі лясгас прапанаваў наведвальнікам дэгустацыю мясцовага мёду розных гатункаў. Такі мёд можа набыць у сезон любы падарожнік, які наведае домік паляўнічага ў Вензавецкім лясніцтве.
Патрыятычныя праграмы прывабілі ўвагу многіх прадстаўнікоў сістэмы адукацыі з розных рэгіёнаў рэспублікі, і хацелася б у бліжэйшым будучым убачыць на Дзятлаўшчыне школьнікаў з суседніх раёнаў.
Асаблівы шык надавалі пляцоўцы майстар-класы. Між іншым, майстар-клас кераміста Анатоля Кардаша з Наваельні быў адзіным на ўсёй выставе. Дапамагалі прадстаўляць Дзятлаўшчыну і майстар лозапляцення Сяргей Балыкоў з Дварца, а таксама майстар вырабаў са скуры Анжэла Латушка. Майстар-класы прываблівалі наведвальнікаў магчымасцю за кароткі час зрабіць выраб сваімі рукамі і забраць яго на памяць, а таксама набыць тое, што спадабалася.
Высока ацэнена і выступленне на прэс-канферэнцыі галоўнага спецыяліста па турызму Дзятлаўскага райвыканкама Наталлі Калодка, якая прадставіла патрыятычны маршрут “Па слядах герояў”. Ён быў распрацаваны сёлета і карыстаецца папулярнасцю ў школ раёна. З канца студзеня на маршруце праведзена каля 30 экскурсій.
Па традыцыі на выставе пляцоўка нашага раёна разыгрывала сертыфікат на турыстычную праграму “Па слядах герояў”, які выйграў жыхар Мастоўскага раёна.
Калі падводзіць вынікі ўдзелу ў выставе “Адпачынак-2024”, то можна сказаць смела: нам усё ўдалося! Годна прадставілі турыстычную сферу раёна, падпісалі тры пагадненні з цэнтрамі развіцця турызму, пашырылі кантакты для супрацоўніцтва з турыстычнымі фірмамі нашай рэспублікі. Тры дні напружанай працы, будзем спадзявацца, не прайшлі дарэмна, і ў хуткім часе чакаем турыстаў з розных рэгіёнаў нашай краіны.
Напрыканцы хацелі б выказаць падзяку Дзятлаўскаму райвыканкаму і асабіста яго старшыні Андрэю Садоўскаму за разуменне важнасці развіцця турызму ў рэгіёне, а таксама за фінансавую падтрымку ў набыцці выставачнага абсталявання, кіраўніцтву і ўдзельнікам дэлегацыі Дзятлаўскай школы мастацтваў і Дзятлаўскага лясгаса, майстрам-рамеснікам. Без вашай падтрымкі і вашага ўдзелу Дзятлаўшчына не заззяла б так ярка на выставе “Адпачынак-2024”.
Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga