Выдатна, калі дзіцячыя мары збываюцца

Важнае Грамадства

Дзякуючы праекту “Мой мірны дом” грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” выхаванцы дзіцячага дома сямейнага тыпу і іх бацькі-выхавальнікі Аляксандр і Марына Русаўскія пабывалі на прадстаўленні ў Белдзяржцырку.

Аб уражаннях ад паездкі сям’і ў сталіцу расказала Марына Вячаславаўна:

– Цудоўна, што з’ездзілі ўсе разам, на жаль, толькі Арцёму, які вучыцца ў каледжы і быў на занятках, гэтага не ўдалося зрабіць. Парадавала дакладнасць і арганізаванасць на працягу ўсёй паездкі: нас чакалі, смачна пакармілі, пастаянна на сувязі быў і вельмі ўважліва адносіўся да ўсіх патрэбаў старшыня ўпраўлення Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Іван Васільевіч Калбаска.

Вельмі спадабалася цыркавая праграма “Магія фантанаў”. Назва гаворыць сама за сябе: было шмат прадстаўленняў з вадой, святлом, музыкай, акрабатамі, не абышлося без дрэсіраваных жывёлін і фокусаў. Дзеці былі ў захапленні. Дзяўчынкі цікавіліся ў мяне, ці сапраўдны на арэне мядзведзь, настолькі ён добра выконваў каманды дрэсіроўшчыка. Яшчэ былі цюлені. Хлопчыкам спадабаліся фокусы. Вечарам за сталом мы доўга абмяркоўвалі, як іх можна выканаць і ў чым сакрэт. З упэўненасцю магу сказаць, што наведванне Белдзяржцырка стала сапраўднай падзеяй для нашай вялікай сям’і.

Безумоўна, гэта не першая сумесная паездка. Месяц таму мы былі на хакеі, дзеці змаглі адчуць непаўторную атмасферу вялікай хакейнай арэны з крыкамі балельшчыкаў і цікавай гульнёй.

Стараемся выязджаць і на канікулах, бо гэта дае новыя ўражанні, умацоўвае сямейныя стасункі. Разам пабывалі ў Лідзе, Слоніме. Звычайна ў час такіх вандровак гуляем па горадзе, адпачываем у кафэ, дзецям падабаецца. Ездзім і на рыбалку.

Вядома, будзем вандраваць і самастойна, аднак такія дабрачынныя акцыі, як “Беларусь – мой мірны дом” ад Беларускага фонду міру, лічым вельмі важнымі і патрэбнымі. Дзякуючы падтрымцы грамадскай арганізацыі ў Белдзяржцырку пабывала, атрымала зарад станоўчых уражанняў і добры настрой шмат замяшчальных сем’яў з дзецьмі. А гэта вялікая праца, найперш – арганізатарская, гэта клопат, падтрымка, важкая справа. Мы вельмі ўдзячны за такі цудоўны падарунак. Выдатна, калі дзіцячыя мары і жаданні збываюцца.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі ад сям’і Русаўскіх

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga