Вас памятае свет уратаваны. Гэтыя мясціны прамаўляюць да нашых сэрцаў (+відэа)

Галоўнае Падзеі Хто крылы расправіў на роднай зямлі

11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, зацверджаны рашэннем Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, трагічная і памятная дата ў календары.

Менавіта ў гэты дзень вязні фашысцкага канцлагера Бухенвальд, даведаўшыся пра набліжэнне саюзных войскаў, паднялі ўзброенае паўстанне. Яны захапілі лагер, перабіўшы ахову, і тым самым выратавалі сябе ад знішчэння, якое рыхтавалі ім гітлераўскія карнікі.

У гэты памятны дзень ва ўрочышчы Курпяшы, каля помніка па-зверску забітым фашыстамі вязням Дзятлаўскага гета, адбыўся мітынг-рэквіем. Памяць мірных жыхароў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, ушанавалі прадстаўнікі ўлады, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў раёна, вучні гарадскіх школ, духавенства.

– Усяго на тэрыторыі Германіі і акупаваных ёю краін дзейнічала больш за 14 тысяч канцлагераў, праз якія за гады вайны прайшлі 18 мільёнаў чалавек, ад 5 да 7 мільёнаў з іх – грамадзяне Савецкага Саюза. Выжылі крыху больш за мільён, – агучылі трагічную статыстыку вядучыя Анастасія Голуб і Аляксандр Раеўскі.

Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вадзім Бялятка ўзгадаў трагічныя падзеі ваенных гадоў:

‒ 11 красавіка ўвайшло ў сусветную гісторыю як дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Мы смуткуем па ўсіх, хто стаў ахвярай бесчалавечнай нацысцкай палітыкі знішчэння цэлых народаў. Сёння мы сабраліся на адным з самых крывавых месцаў Дзятлаўшчыны, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысцкімі акупантамі і іх памагатымі было ўчынена жорсткае злачынства супраць мірнага насельніцтва. Кожны з нас схіляецца перад мужнасцю тых, хто і за калючым дротам канцлагераў заставаўся верным сумленню, хто ўмеў па-сапраўднаму змагацца, у кім заставалася святло надзеі. І галоўная наша задача – зрабіць усё магчымае, каб пакаленні, якія жывуць у мірны час, помнілі аб страшных выпрабаваннях.

Навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава расказалі пра гісторыю ганення і знішчэння яўрэяў на Дзятлаўшчыне, трагедыю добрых, таленавітых мірных людзей, жыццё якіх заўчасна абарвала вайна.

У гэты дзень аб міры на беларускай зямлі і спачыне несмяротных душаў тых, хто не дажыў да Перамогі, памаліліся прадстаўнікі духавенства.

– Гэтыя маўклівыя мясціны прамаўляюць да нашых сэрцаў, нашых душаў, – заўважыў настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз-пробашч Андрэй Лішко. – Мы дзякуем нашым гераічным продкам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, за дар жыцця, мірнае неба, радасць, якую мы маем. Бо яны аддалі сваё жыццё, каб мы сёння жылі.

– Зямля, дзе нашы карані, дзе нарадзіліся дзяды і прадзеды, свяшчэнная для кожнага з нас. І мы, як некалі нашы продкі, павінны быць гатовы абараняць Айчыну нават цаной свайго жыцця, – дадаў клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве іерэй Аляксей Сцепановіч.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання, усклалі да помніка кветкі, вянкі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ



Теги: