Пад такой назвай на Дзятлаўшчыне прайшоў конкурс чытальнікаў сярод дзяцей дашкольнага ўзросту.
Больш падрабязна пра яго расказала метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Гайдук:
– Конкурс быў арганізаваны аддзелам адукацыі райвыканкама, Дзятлаўскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам і ладзіўся ў рамках святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Праводзіўся ён у чатырох намінацыях: “Беларусь прыгожая”, “Беларусь магутная”, “Беларусь удзячная”, “Беларусь працавітая” і ладзіўся ў два этапы. Першы (адборачны) прайшоў ва ўстановах дашкольнай адукацыі раёна. Другі (раённы) быў завочным: члены журы ацэньвалі відэазапісы вершаў юных чытальнікаў.
– Наколькі паспяховымі былі дашкольнікі?
– У пераможцы і прызёры першага этапу выйшлі 39 выхаванцаў дзіцячых садоў, менавіта яны сталі ўдзельнікамі дыстанцыйных іспытаў. Выявіць лепшых сярод такой колькасці юных чытальнікаў было няпроста, бо кожнае дзіця па-свойму таленавітае. Выступленні ацэньвалі ў некалькіх узроставых катэгорыях. Сярод канкурсантаў ад 4 да 5 гадоў дыпломамі пераможцаў адзначаны шэсць з сямі чытальнікаў; ад 5 да 7 гадоў – 20 з 30-ці.
Аргкамітэт і журы прынялі рашэнне аб узнагароджанні некаторых канкурсантаў асобнымі дыпломамі: “За сцэнічную абаяльнасць, артыстызм, душэўнасць і пранікнёнае чытанне”, “За чысціню маўлення”, “За эмацыйнасць і пранікнёнае чытанне”, “За эмацыйнасць – самаму юнаму чытальніку”, “Самаму юнаму чытальніку”, “За выразнае чытанне”, “За любоў да мастацкага слова”.
– Чым спадабаўся конкурс “Упрыгожым Радзіму вершамі!”?
– Было асабліва прыемна, што дзеці чыталі паэтычныя творы з пачуццём гонару за Беларусь, за слаўных абаронцаў Айчыны, армію, пераможны май, людзей працы. Яны эмацыйна прамаўлялі кожны радок пра родны край, прыгажосць беларускай прыроды, культуры, народных традыцый. Нягледзячы на тое, на рускай ці беларускай мове быў верш, выступоўцы стараліся прачытаць яго выразна, ярка, не без акцёрскага майстэрства. Вобразы, створаныя дзецьмі з дапамогай нацыянальных строяў, атрыбутаў, тэматычных прэзентацый і музычнага суправаджэння, узмацнялі пачуццё патрыятызму і ўрачыстасці.
За гэта сапраўднае свята мастацкага слова я дзякую бацькам хлопчыкаў і дзяўчынак, выхавальнікам дашкольнай адукацыі, якія старанна рыхтавалі юных канкурсантаў. Спадзяюся, конкурс чытальнікаў стане нашай добрай традыцыяй, бо менавіта праз любоў да паэтычнага слова можна і неабходна выхоўваць сапраўдных патрыётаў, прывіваць дзецям пачуццё прыгожага. Вельмі спадзяюся, што маладое пакаленне заўсёды будзе ганарыцца нашай Айчынай і праслаўляць яе сваімі добрымі справамі, а некаторыя з сённяшніх дашкольнікаў застануцца жыць і працаваць на сваёй малой радзіме, выбраўшы любімую справу.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены арганізатарамі конкурсу
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ