Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам з 1 красавіка па 1 мая ініцыяваны месячнік бяспекі працы ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу вобласці падчас правядзення вясновых палявых работ.
Мабільная група Дзятлаўскага райвыканкама наведае арганізацыі і аб’екты, размешчаныя на тэрыторыі раёна.
У састаў мабільных груп уваходзяць прадстаўнікі органаў нагляду і кантролю, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, прафсаюзаў, пракуратуры, МНС, работнікі райвыканкама.
Штогадовая практыка правядзення месячнікаў паказвае, што, нягледзячы на дасягнутыя асобныя станоўчыя вынікі ў цэлым па галіне АПК, не для ўсіх наймальнікаў вырашэнне пытанняў аховы працы стала прыярытэтным у адносінах да вынікаў вытворчай дзейнасці.
У мінулым годзе большасць выяўленых мабільнай групай недахопаў на сельгаспрадпрыемствах тычыліся арганізацыі забеспячэння і парадку выкарыстання сродкаў індывідуальнай абароны, тэрмінаў і правядзення інструктажаў і праверкі ведаў па ахове працы, допуску да выканання работ з павышанай небяспекай. У асобных выпадках мелі месца парушэнні, звязаныя з арганізацыяй медаглядаў, адсутнасцю або неўкамплектаваннем аптэчкі першай медыцынскай дапамогі.
Сярод іншых парушэнняў былі неадпаведнасці патрабаванням бяспекі машын, сельгастэхнікі, газазварачнага абсталявання, неналежнае ўтрыманне тэрыторыі арганізацыі і захоўванне матэрыяльных каштоўнасцяў – матэрыялаў і запасных частак.
Спецыялісты нададуць асаблівую ўвагу захаванню патрабаванняў Дырэктывы № 1 у частцы недапушчэння распівання спіртных напояў у працоўных калектывах, рызыкі траўмавання людзей. Правераць і наяўнасць умоваў для адпачынку і харчавання, забеспячэнне работнікаў спецвопраткай і абуткам.
Па выніках месячніка з кіраўнікамі і спецыялістамі гаспадарак правядуць інструктыўныя семінары-нарады.
Святлана ЛАТУШКА,
галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga