Навучанне сялянскіх дзяцей з вёскі Колкі і навакольных вёсак (Амбражылевічы, Куцкі, Скрэндзевічы) пачалося 1 лістапада 1910 года.
Пачатковую адукацыю атрымлівалі ў навучальнай установе, якая называлася народнае вучылішча. Яно размяшчалася ў наёмнай хаце ў вёсцы Амбражылевічы. Адрас народнага вучылішча ў пачатку ХХ стагоддзя быў наступным: бліжэйшая паштовая станцыя Казлоўшчына за 3 вярсты ад вучылішча, Колкінскае народнае вучылішча Казлоўскай воласці, 4-га раёна земскага начальніка “4” участка Слонімскага павета, 4-га стана, Дзятлаўскага Благачыння, Рандзінава-Казлоўскага царкоўнага прыхода. Наёмная хата была абгароджана і мела наступныя памеры: даўжыня 18 аршын, шырыня – 9 і вышыня – 3,25. Вучылішчу належала 0,5 дзесяціны зямлі, якая не апрацоўвалася.
Настаўнікам у школе працаваў Майсей Андрэевіч Карпюк, 1882 года нараджэння, з жалаваннем 360 рублёў у год. У 1900 годзе ён скончыў Драгічынскую другакласную школу (цяпер Брэсцкая вобласць). На настаўніцкай службе знаходзіўся з 1 кастрычніка 1900 года. Працаваў у Агародніцкай царкоўна-прыходскай школе (цяпер Брэсцкая вобласць), а з 1 верасня 1904 года – у Селявіцкай царкоўна-прыходскай школе (цяпер Слонімскі раён). З 1 чэрвеня 1907 года быў настаўнікам узорнага класа пры Дзятлаўскай другакласнай школе Слонімскага павета. Быў жанаты з настаўніцай Агародніцкага народнага вучылішча Слонімскага павета Зінаідай Фёдараўнай Швяцовай.
5 жніўня 1910 года сяляне вёскі Колкі Скрэндзевіцкага таварыства Казлоўскай воласці ад імя 25 гаспадароў самастойных гаспадарак, у прысутнасці сельскага старасты Вікенція Норкі прынялі рашэнне аб бясплатнай перадачы грамадскай зямлі для Колкінскага народнага вучылішча. Памер участка – 60 сажняў у даўжыню і 20 – у шырыню ў межах з поўначы і ўсходу – грамадскі выган вёскі Колкі, з поўдня – дарога, якая вядзе ў вёску Доўбневічы, і з захаду – дарога ў вёску Урбанаўшчына. Дакумент называўся “Прысуд № 65”. Ён быў зацверджаны подпісамі сялян, завераны пячаткай і подпісам валаснога старасты па прозвішчы Сербін. Яшчэ адным значным дакументам неабыякавых жыхароў з’яўляўся “Прысуд № 121” ад 13 красавіка 1911 года Скрэндзевіцкага сельскага сходу, на які наклаў візу аб хадайніцтве дапамагчы сялянам земскі начальнік 27 красавіка 1911 года. Акрамя гэтага, падтрымаць хатніх гаспадароў вёскі Колкі падключыўся і настаўнік М. А. Карпюк, які напісаў ліст інспектару народных вучылішчаў Слонімскага павета, пераслаў Прысуд сельскага сходу і складзены ўласны план размяшчэння пабудоваў і праект школьнага будынка. Пры гэтым ён паказаў, што на аднаго навучэнца павінна прыходзіцца 2,25 кв. аршына плошчы падлогі і 11,25 куб. аршына аб’ёму паветра.
Зладжаныя дзеянні грамадскасці (сельскага сходу, земскага начальства, настаўніка) былі эфектыўнымі. 28 чэрвеня 1914 года Міністэрства асветы выдзеліла неабходныя грошы для заключэння кантракта: з аднаго боку з падрадчыкам, мешчанінам мястэчка Казлоўшчына Моўшам Савіцкім, з другога боку – з будаўнічым камітэтам. Падрадчык абавязаўся пабудаваць Колкінскае народнае вучылішча ў адпаведнасці з прыкладаемым планам у межах сумы 2400 рублёў. У будаўнічы камітэт уваходзілі старшыня-законавучыцель айцец Іаан Смірноў і члены: настаўнік Казлоўскага двухкласнага вучылішча Восіп Кісель, сяляне Карл Антончык, Міхаіл Цімафейчык, Пётр Бекета.
21 чэрвеня 1915 года, згодна з асабістым распараджэннем інспектара народных вучылішчаў Слонімскага павета, будаўнічай камісіяй у прысутнасці панятых Міхаіла Грышука, Канстанціна Сабалеўскага быў агледжаны пабудаваны будынак і перададзены на падпісанне інспектару акт здачы-прыёмкі Колкінскага народнага вучылішча.
Калі ўлічыць, што 28 чэрвеня 1914 пачалася Першая сусветная вайна, то з’яўленне дадзенай установы лічыцца вялікай заслугай Скрэндзелеўскага сельскага сходу і ўрада Расійскай імперыі.
Даведка:1 вярста роўна 1066,8 м, 1 аршын – 0,7112 м, 1 дзесяціна – 1,09 га, 1 сажань – 2,16 м.
Вучэбна-выхаваўчы працэс
У раёне Колкінскага народнага вучылішча налічвалася пяць вёсак, якія складалі адно сельскае таварыства Казлоўскай воласці. Паводле “Справаздачнай ведамасці за 1915 год”, на той час у вучылішчы былі зарэгістраваны 72 навучэнцы (46 хлопчыкаў і 26 дзяўчынак), налічвалася па ўзросце: ад 8 да 11 гадоў – 52 чалавекі, ад 12 да 14 гадоў – 20; паверавызнанні: 35 чалавек праваслаўных (23 хлопчыкі і 12 дзяўчынак) і 37 – каталікоў (23 хлопчыкі і 14 дзяўчынак). Па нацыянальнасці ўсе называліся беларусамі.
Вялікую ролю і значэнне ў развіцці адукацыі насельніцтва адыгрывала царква. У Колкінскім народным вучылішчы законанастаўнікам быў святар айцец Іаан Смірноў. Як настаўніку Закона Божага з дзяржаўнага казначэйства яму выплачвалася жалаванне ў памеры 60 рублёў у год. Але ў 1915 годзе Закон Божы не выкладаўся,і навучэнцы не навучаліся ніякаму рамяству. Навучальны год быў завершаны 7 красавіка.
У працэсе вучобы неабходна было сачыць за здароўем навучэнцаў і паведамляць пра гэта інспектару. У “Справаздачнай ведамасці за 1915 год” указана наступнае: колькасць навучэнцаў сярэдняга харчавання – 48; колькасць навучэнцаў дрэннага харчавання – 4; блізарукія – 1; агульная колькасць хворых усіх катэгорый – 3.
На ўтрыманне вучылішча выдзялялася з дзяржаўнага казначэйства 590 рублёў у год. Выдаткі за год: на кнігі – 60 рублёў, гаспадарчыя сродкі – 16, вартаўніка – 14, навучальны матэрыял – 10 рублёў 45 капеек, ацяпленне – 8 рублёў 80 капеек, асвятленне – 10 рублёў 21 капейка, падтрыманне чысціні – 12 рублёў 5 капеек, канцылярскія выдаткі – 3 рублі 49 капеек.
Надавалася ў вучылішчы ўвага стану бібліятэкі і вучэбных дапаможнікаў. У бібліятэцы знаходзілася 248 тамоў з 41 назвай фундаментальных кніг і 600 тамоў з 83 назвамі вучнёўскіх кніг. Мелася 158 тамоў з 74 назвамі навучальных дапаможнікаў. У 1915 годзе навучэнцы прачыталі 392 кнігі, сяляне – 72.
Ад пачатку работы Колкаўскага народнага вучылішча да завяршэння працэсу навучання ў Колкаўскай пачатковай школе прайшло 62 гады. Апошні выпуск навучэнцаў установы быў у 1977 годзе.
У Колкаўскай пачатковай школе з 1953 года і да яе закрыцця настаўніцай працавала мая мама Марыя Іванаўна Бажкова. Яна нарадзілася 15 жніўня 1922 года.У 1939 годзе скончыла Мсціслаўскае педагагічнае вучылішча і была размеркавана ў Дулебенскую сярэднюю школу Клічаўскага раёна. Наогул, настаўніцай пачала працаваць з 17 гадоў.
Аляксандр БАЖКОЎ,
доктар тэхнічных навук, былы навучэнец Колкаўскай школы
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga