У аграрыяў пачалася гарачая пара вясновых палявых работ.
Немалаважным складальнікам добрага выніку з’яўляюцца не толькі спрыяльнае надвор’е і спраўная тэхніка, але і тое, што ў механізатара на талерцы. Разам з прафсаюзам аграпрамысловага комплексу высвятляем, наколькі збалансаванае харчаванне ў работнікаў нівы.
Найперш наведваем КСУП “Хвінявічы”, дзе за спецыяльным аўтобусам, нагружаным прысмакамі, разам з работніцай сталовай прадпрыемства выязджаем проста на поле, дзе актыўна ідзе ўнясенне арганікі. Каб не губляць ні хвілінкі часу, абед механізатарам прывозяць на месца працы.
У палявой сталовай усё цывільна: ёсць сродкі для мыцця, выцірання і апрацоўкі рук, невялікі пераносны столік, за якім змяшчаюцца чатыры чалавекі. Першае, другое, кампот і булачка да яго – усё свежае, яшчэ гарачае са спецыяльных кантэйнераў, абавязкова з усмешкай і пажаданнем смачна есці.
– Сёння ў нас у меню суп са свежай капусты, пюрэ з бульбы, смажаная рыба, сіроп і здобная булка, – пералічвае пазіцыі меню намесніца загадчыцы сталовай КСУП “Хвінявічы”, повар Таіса Грынцэвіч. – Стараемся радаваць нашых работнікаў разнастайнымі стравамі: супы кожны дзень тыдня не паўтараюцца, у абед абавязкова ўваходзяць мясныя стравы (галубцы, катлеты, шніцалі, гуляш). Акрамя таго, выдаём падвячорак – сухі паёк: тушонка, каўбаса, кашы, хлеб, напоі. Усё для таго, каб мужчыны добра падмацаваліся і мелі сілы вынікова працаваць.
Аграрыям такая сістэма харчавання падабаецца.
– Зручна, што не трэба надоўга адрывацца ад работы, – кажа трактарыст Мікалай Скіба. – Працуем з 8 гадзін раніцы да 7 вечара, харчуемся ў полі двойчы на дзень. Гатуюць нашы гаспадыні вельмі смачна, добра, што прывозяць заўжды гарачае, асабліва ў такое пераменлівае надвор’е. Мне падабаецца ўвесь рацыён, сваю порцыю заўжды з’ядаю цалкам і дзякую паварам.
У сталовай “РоданАграПол”, якая сёлета адкрылася пасля рамонту, працаўнікоў сяла таксама чакаюць з комплекснымі абедамі. Па словах загадчыцы ўстановы Марыны Утоўка, тут штодзень харчуюцца каля 10-15 работнікаў прадпрыемства, яшчэ столькі ж атрымліваюць гарачыя абеды ў полі.
– Гатуем усё па тэхналагічных картах, збалансаванае меню распрацавана эканамістам і тэхнолагам такім чынам, што пазіцыі на адным тыдні не паўтараюцца, – расказала Марына Леанідаўна. – Прыслухоўваемся да меркавання механізатараў, але не адступаем ад санітарных і нарматыўных патрабаванняў. Напрыклад, у сталовай можна падаць смятану або соус, што не дапускаецца ў полі. А як утульна ў зале для прыёму ежы, бачыце самі. Пакуль працуем шэсць дзён на тыдзень, бо нядзеля ў механізатараў выхадны, а ў час жніва будзем кожны дзень карміць нашых працаўнікоў.
Па словах жанчыны, яшчэ летась работнікі ТАА “РоданАграПол” абедалі гатовымі стравамі, якія дастаўлялі з Дзятлава са сталовай “Жамчужына”. Цяпер разам з калегамі – кухоннымі рабочымі Валянцінай Макарэвіч і Марыяй Ерамейчык маюць магчымасць прадэманстраваць уласнае майстэрства. Сёлета ў сталовай зрабілі касметычны рамонт, набылі новае абсталяванне – духавую шафу, патэльню, стэлажы, халадзільнікі. У сталовай ёсць асобныя склад, памяшканні для раздзелкі мяса, агародніны, мыечная, кухня, гардэроб і нават невялікі кабінет, дзе можна афармляць дакументацыю.
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак адзначыў, што 100 % працаўнікоў, занятых у вясновых палявых работах, атрымліваюць комплексныя абеды. За іх якасцю і ўмовамі харчавання пільна сочаць прафсаюзныя арганізацыі.
– У час маніторынгаў найперш звяртаем увагу на абсталяванне – аўтатранспарт, сродкі гігіены, ёмістасці, у якіх дастаўляецца ежа, посуд. Таксама кантралюем якасць і збалансаванасць страваў, аб’ём порцый, знаёмімся з водгукамі саміх механізатараў аб рабоце сталовай, з улікам усіх гэтых фактараў робім высновы і ўносім прапановы кіраўніцтву гаспадаркі, – дадаў Уладзімір Фёдаравіч.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga