У календары беларускіх вернікаў нямала добрых і дарагіх сэрцу святаў, якія збіраюць разам сем’і, традыцыі якіх перадаюцца ад пакалення да пакалення.
Безумоўна, самае светлае з іх, як у праваслаўных, так і ў каталікоў, – гэта Вялікдзень, якому папярэднічае Вялікі пост і Вербная (Пальмавая) нядзеля.
Менавіта па сакрэты стварэння традыцыйных вербачак для асвячэння ў храме ў рамках сацыяльна-культурнага праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” да жыхарак нашага раёна, якія паважаюць і захоўваюць традыцыі продкаў, накіраваліся артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Бакшук і Святлана Венская.
Іх фальклорная экспедыцыя “Вербная нядзеля: традыцыі і прыкметы” на гэты раз завітала ў вёскі Ахонава, Боцкавічы, Баравікі, Курпяшы. Паездка была яркай і выніковай, а таму праваслаўныя вернікі Дзятлаўшчыны, якія будуць сустракаць Вербніцу 28 красавіка, змогуць узяць сабе на заметку лепшыя лайфхакі па ўпрыгажэнні вербных букетаў.
Так, Лідзія Бранкоўская з Ахонава расказвала, што напярэдадні свята мясцовыя жанчыны бралі пяць прыгожых і роўных галінак вярбы, барвінак, лясны хвошч, штучныя кветкі, каляровыя шарсцяныя ніткі ці тонкія стужкі. Усё цесна ўпляталі ў букет, перавязвалі, а ў сярэдзіну паміж галінкамі ўстаўлялі новую свечку. Раніцай неслі такія вербачкі ў царкву, а калі святар пачынаў маліцца – запальвалі свечку. Вярнуўшыся дахаты, асвечанай вярбой тройчы пастуквалі родных са словамі: “Не я б’ю – вярба б’е. За тыдзень – Вялікдзень”. Затым букет ставілі за ікону ў “чырвоны кут”. Калі надыходзіў час першы раз вясной выганяць скаціну ў поле, такой вярбой тройчы пастуквалі кожную жывёліну і гналі з хлява праз надворак да варот. Гонячы, прыгаворвалі, каб была здаровай, добра расла, давала шмат малака.
Лідзія Аляксандраўна расказала, што згодна з традыцыяй асвечаная вярба павінна была знаходзіцца за абразамі цэлы год, а пасля асвячэння наступнай – яе спальвалі, попел выносілі на агарод, каб быў лепшы ўраджай.
Сафія Турлюк з Боцкавічаў адзначыла, што ў вербным букеце павінна быць няцотная колькасць галінак. Кветкі для іх упрыгажэння, як успамінае Сафія Фёдараўна, вясковыя жанчыны раней выраблялі самі з “карбаванай” паперы. Стараліся зрабіць акуратна, каб не сорамна было людзям паказаць. Таксама выкарыстоўвалі зялёныя нават ранняй вясной галінкі барвінку. Усё гэта хараство звязвалі чырвонымі ніткамі, “у вяршок” ставілі свечку. Вярнуўшыся з царквы і пастукваючы родных вярбой, у гэтай мясцовасці прыгаворвалі: “Не я б’ю – вярба б’е. Уставай рана, еш кашу, выганяй валы на пашу. Жадаю здароўя на доўгія гады”. Затым клалі букет за абраз. Ніткі з яго можна было завязваць на руку, калі баліць. Выганяючы на пашу вясной дамашнюю жывёлу, мясцовыя вяскоўцы таксама пастуквалі яе вярбой са словамі: “Ідзі, каб не ўраклі, каб малако было смачным”.
Яўгенія Свіб з вёскі Баравікі расказала, што яна каталіцкага веравызнання, але традыцыі ў беларускіх католікаў і праваслаўных амаль падобныя.
– У нашай сям’і галінкі вярбы рвалі за тыдзень да свята, каб “пусцілі коцікі”, – падзялілася Яўгенія Іосіфаўна. – Упрыгожвалі букет міртам, кветкамі, а свечкі не выкарыстоўвалі. Калі мая матуля прыходзіла з касцёла, пастукваючы нас асвечанай вярбой, заўжды казала: “Не я б’ю, а вярба б’е. За тыдзень – Вялікдзень. Уставай рана, гані на пашу барана. На цёплую расу, на буйное жыта. Казаў Бог навіну: будзем есці саланіну”.
Як расказала гаспадыня, ў Вербную нядзелю асаблівых страваў не гатавалі, елі поснае.
Асабліва цікава ўдзельнікам фальклорнай экспедыцыі было пагутарыць з жыхаркай вёскі Курпяшы Янінай Ёда. Справа ў тым, што Яніне Вікенцьеўне 91 год. Яна самая старэйшая сярод захавальніц традыцый нашага раёна, якія падзяліліся сваімі ўспамінамі.
– Вярбу аздаблялі прыгожым зельечкам, кветкамі, тонкімі стужкамі ці чырвонымі шарсцянымі ніткамі, – расказала доўгажыхарка. – Калі жанчыны ішлі жаць жыта, то абавязкова на рабочую руку завязвалі гэтыя чырвоныя ніткі – каб не балела ад напругі. Вярнуўшыся з касцёла, абавязкова трэба было тройчы пастукаць кожнага з сямейнікаў асвечанай вярбой, каб былі здаровыя, пры гэтым прыгаворвалі: “Не я б’ю – вярба б’е. За тыдзень – Вялікдзень. Уставай рана, гані барана. Баран бяжыць, зямля дрыжыць”.
Яніна Вікенцьеўна пацвердзіла, што ў іх мясцовасці таксама бытавала традыцыя захоўваць вербны букет за абразамі і выганяць ім у поле кароў на запаскі. Вяскоўцы верылі, што асвячоныя галінкі зберагуць жывёлу ад сурокаў і хваробы.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельніцамі фальклорнай экспедыцыі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga