Сярод найбольш шануемых беларусамі святаў няма роўных Вялікадню – Светламу Хрыстову Уваскрэсенню.
Сёлета праваслаўныя вернікі святкуюць яго 5 мая.
З гэтай нагоды чарговую фальклорную экспедыцыю ў пошуках роднага-народнага ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” арганізавалі работнікі сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.
Правесці яе Іван Кашко, Ірына Бакшук і Святлана Венская вырашылі ў фармаце пасядзелак. Велікоднымі традыцыямі з гасцямі дзяліліся жыхары вёсак Клішавічы, Марозавічы, Хрольчыцы, аграгарадка Таркачы.
Цікавай суразмоўцай аказалася 83-гадовая Сафія Чэрнік з Клішавічаў, былая настаўніца.
– Да Вялікадня звычайна рыхтаваліся сур’ёзна – за тыдзень, – расказала Сафія Мікалаеўна. – Калолі парася, засольвалі кумпякі, рабілі каўбасы, але на смак мясное не каштавалі, захоўвалі пост. Затым на двары вымяталі смецце пасля зімы, бялілі агароджу, рамантавалі лаўкі, якія на той час стаялі каля кожнай хаты. Затым чарга даходзіла да надворка, сеняў і, нарэшце, жылых пакояў. Матуля мая заўсёды вучыла, што прыбіраць іх абавязкова трэба, пачынаючы з кутоў, прычым да Чыстага чацвярга дома павінен быць поўны парадак. Ранкам у суботу рашчынялі цеста на пірагі. Яго вымешвалі тройчы. Фарбавалі яйкі ў цыбульным “шалупенні”, адварвалі ў чыгуне вялікія кавалкі мяса. Суботнім вечарам старэйшыя ішлі ў царкву, каб адстаяць усяночную і асвяціць яйкі. А ў нядзелю на Вялікдзень за святочны стол садзілася ўся сям’я. Абавязкова запальвалі Велікодную свечку. У другой палове дня збіраліся валачобнікі, якіх у нас яшчэ называлі “пеўчымі” – гэта былі выключна мужчыны, без жанчын. Яны ішлі па вёсцы, падыходзілі да акна кожнай хаты, віталі і віншавалі гаспадароў песнямі “Вялік святой наш дзень настаў” і “Паненачка”. Гаспадары за гэта шчодра частавалі іх яйкамі, мясам, каўбасамі, пірагамі. Калі абыходзілі ўсе хаты, то “пеўчыя” з вяскоўцамі збіраліся каля вялікага дуба за ваколіцай, каб разам адзначыць свята. Валачобнікі хадзілі толькі ў першы дзень Вялікадня.
Ірына Мяцеліца з аграгарадка Таркачы, 1941 года нараджэння, прыгадала:
– Уборку на вуліцы і ў хаце вяскоўцы пачыналі за тыдзень да свята: мылі фіранкі, падбельвалі сцены, печ, мылі вокны – адным словам, наводзілі да Чыстага чацвярга парадак. У суботу пяклі пірагі і маленькі кулічык для асвячэння, у “цыбульніку” фарбавалі яйкі, у печы запякалі свіную лапатку, папярэдне абмазаўшы цестам з жытняй мукі. Як мяса запячэцца, у печ ставілі слоікі з кіслым малаком. Калі яно адкіпала, адкідвалі ў “клінок” і прыціскалі грузам. Абавязкова гатавалі каўбасы, сушаную паляндвіцу, крывянку ў тоўстых кішках. У суботу яйкі і кулічы асвячалі, а нядзельным ранкам разам збіралася ўся вялікая сям’я, каб адсвяткаваць Вялікдзень. У першы яго дзень па вёсцы хадзілі “валачобнікі”-мужчыны. За песні ім давалі смачныя пачастункі. Святкаваўся Вялікдзень тры дні, а ў “сухую” сераду нічога не рабілі на агародах, каб не прапаў ад спёкі будучы ўраджай.
У Хрольчыцах сваімі ведамі аб народных традыцыях з артыстамі сектара падзялілася Ларыса Літвінская, 1953 года нараджэння.
– У суботу, акрамя пірагоў, мама выпякала рознае пячэнне, – узгадала Ларыса Іванаўна. – Яшчэ гатавалі кумпяк: частку запякалі, частку адварвалі. Абавязкова запякалі гуся, якога начынялі грэчкай, яблыкамі, іншымі начынкамі. У суботу вечарам, каб асвяціць яйкі ездзілі ў царкву ў Навагрудак ці Наваельню. На Вялікдзень пасля абеду абавязкова хадзілі “валачобнікі”, у нашай мясцовасці гэта былі і мужчыны, і жанчыны. Яны наведвалі кожную хату ў вёсцы, а напрыканцы збіраліся ў адной з іх і разам святкавалі.
Сяргей Вазняк, ураджэнец і жыхар вёскі Марозавічы, 1969 года нараджэння, у размове пра традыцыі Вялікадня прыгадаў наступны выпадак са свайго дзяцінства.
– У “чырвоную суботу” аднойчы прыйшоў са школы, мне гадоў 10 тады было, а на стале ўжо ляжаць фарбаваныя яйкі, хацеў схапіць адно, каб маці не бачыла, а яна лёгенька мне па руках стукнула і кажа : “Сёння нельга – грэх, а вось заўтра, як пасвенцім, дык абавязкова пакаштуеш”.
Гэтыя словы матулі і яе шчырыя адносіны да свята запомніліся Сяргею Іосіфавічу на ўсё жыццё. Наконт “валакальнікаў” мужчына адзначыў, што яны таксама па Марозавічах хадзілі – “валакалі”, як казалі вяскоўцы.
– Рабілі гэта абавязкова з гармонікам толькі адны мужчыны, а мы, хлапчаняты, бегалі за імі ззаду. Яны нас частавалі яйкамі, а пазней ужо ўсёй вёскай, разам з жанчынамі, мы садзіліся на “гародах” (так называлі лужок за хатамі) і святкавалі. Было вельмі весела, палілі кастры, – са шчырай цеплынёй у голасе і настальгіяй узгадаў тыя шчаслівыя гады Сяргей Вазняк.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі праекта
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga