Павелічэнне звышурочнай работы – па ўзгадненні

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

З 23 сакавіка 2024 года дзейнічае Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 сакавіка 2024 года № 105 “Аб звышурочнай рабоце і рабоце ў выхадныя дні ў прамысловых арганізацыях”.

Нормамі ўказа прадастаўляецца права з улікам абгрунтаваных вытворчых і эканамічных патрэбаў павялічваць устаноўленую заканадаўствам аб працы гранічную колькасць звышурочных работ і выхадных дзён, якія могуць выкарыстоўвацца для прыцягнення работнікаў да работы з іх згоды.

Больш падрабязна пра патрабаванні нарматыўнага акта расказала намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Дорда.

– У лік арганізацый, на якія распаўсюджваецца дзеянне ўказа, уваходзяць юрыдычныя асобы і іх адасобленыя падраздзяленні, асноўныя віды эканамічнай дзейнасці якіх адносяцца да секцый B (горназдабываючая прамысловасць) і C (апрацоўчая прамысловасць) агульнадзяржаўнага класіфікатара Рэспублікі Беларусь АКРБ 005-2011 “Віды эканамічнай дзейнасці”. Напрыклад, прадпрыемствы групы С займаюцца вытворчасцю прадуктаў харчавання, напояў, тытунёвых, тэкстыльных вырабаў, адзення, транспартных сродкаў, абсталявання, іншага.

– Якая гранічная колькасць работ устаноўлена заканадаўствам?

– Згодна з Працоўным кодэксам,  звышурочныя работы не павінны перавышаць для кожнага работніка 10 гадзін у працоўны тыдзень і 180 гадзін у год, дапускаецца выкарыстанне не больш за 12 выхадных дзён у год.

З улікам указа ў прамысловых арганізацыях гэта гранічная колькасць можа быць павялічана. Аднак нормамі ўказа не прадугледжана магчымасць падаўжэння штодзённай работы работнікаў з улікам звышурочнай, а таму яна не павінна перавышаць 12 гадзін у дзень. Нормы ўказа таксама не змянілі падыходы ў частцы парадку прыцягнення работнікаў да звышурочнай работы і работы ў выхадныя дні, замацаваныя ў Працоўным кодэксе.

– Што яшчэ павінен улічыць наймальнік, каб не парушыць заканадаўства?

– Рашэнне наймальніка аб павелічэнні гранічнай колькасці звышурочных работ і выхадных дзён прымаецца толькі па ўзгадненні з дзеючым у арганізацыі прафсаюзам і замацоўваецца ў лакальным прававым акце.

Звярніце ўвагу, што такое рашэнне павінна прымацца з улікам абгрунтаваных вытворчых і эканамічных патрэбаў. У сувязі з гэтым прапанова наймальніка прафсаюзу павінна суправаджацца адпаведнай інфармацыяй з тлумачэннямі, якія даюць магчымасць прыняць аб’ектыўнае і ўзважанае рашэнне.

Наймальнік таксама абавязаны інфармаваць тэрытарыяльнае падраздзяленне Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў трохдзённы тэрмін з дня прыняцця рашэння. Інфармацыя павінна змяшчаць тэрмін, на працягу якога будуць выкарыстоўвацца павышаныя ліміты звышурочных работ і работы ў выхадныя дні, а таксама ўстаноўленую гранічную колькасць такіх работ і выхадных дзён. Непрадстаўленне інфармацыі вядзе да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 24.11 КоАП РБ.

Рэкамендацыі па выкарыстанні ўказа з формай прадастаўлення інфармацыі ў Дэпартамент размешчаны на афіцыйным сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

Важна ведаць, што ў выпадку адсутнасці ўзгаднення прафсаюза ці калі прафсаюз у арганізацыі не створаны, наймальнік не мае права павялічваць устаноўленую працоўным заканадаўствам гранічную колькасць звышурочных работ і выхадных дзён, якія могуць выкарыстоўвацца для прыцягнення работнікаў да работы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga