“Медыясфера-2024: майстэрства і творчасць маладога пакалення”

Важнае Грамадства

Анлайн-канферэнцыя пад такой назвай адбылася ў прэс-цэнтры Дома прэсы з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, ГрДУ імя Янкі Купалы, вядучых рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі.

Як адзначыла загадчыца кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Іна Мінчук, ужо 18-19 красавіка на базе ўніверсітэта пройдзе VI Рэспубліканскі моладзевы фестываль-конкурс “Медыясфера-2024”, прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Года якасці. Удзельнікамі яго стануць 120 юных талентаў, якія прадставяць 65 праектаў-фіналістаў. Аўтары заявілі свае работы ў намінацыях “Фотапраект”, “Інтэрнэт-праект”, “Электронныя СМІ”, “Друкаваныя СМІ”, “Камунікацыйны праект”. Будуць падведзены і вынікі анлайн-галасавання на прыз сімпатый гледачоў, якое стартавала 15 красавіка ў Telegram-канале cтудэнцкага медыяцэнтра ўніверсітэта.

На адкрыцці фестывалю 18 красавіка адбудзецца прэзентацыя міждысцыплінарнага праекта, які рэалізуецца разам з пракуратурай вобласці, “Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі”. Прысутныя паглядзяць тэматычную кінастужку “Армія Краёва: цана здрады”. Таксама юныя аўтары праектаў атрымаюць рэкамендацыі наконт сваіх работ ад спецыялістаў і членаў журы. У гэты ж дзень удзельнікаў сустрэчы чакаюць экскурсія па ўніверсітэце і абласным цэнтры.

19 красавіка для ўдзельнікаў фестывалю пройдуць майстар-класы, для кіраўнікоў медыяцэнтраў – круглы стол “Новыя медыя як пляцоўка для рэалізацыі моладзевых праектаў”, а самай яркай падзеяй дня стане двухгадзінная цырымонія ўзнагароджання фіналістаў.

Уражаннямі ад работы ў саставе журы сёлетняга фестывалю падзяліўся дырэктар “ЛідаМедыяКампаніі” Павел Івуць. Ён падкрэсліў, што работы ўдзельнікаў адзначаліся якасцю, адрозніваліся па манеры і стылістыцы, сярод іх нават былі вершы, кароткія ролікі. Некаторыя ідэі маладых канкурсантаў Павел Іванавіч узяў сабе “на заметку”, каб выкарыстоўваць у далейшай прафесійнай дзейнасці, бо яны сучсаныя і скіраваныя на маладую аўдыторыю. Дырэктар “ЛідаМедыяКампаніі” адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі будучых журналісцкіх кадраў у ГрДУ імя Янкі Купалы і падзяліўся вопытам, як лідская медыякампанія супрацоўнічае з установамі адукацыі раёна па прафарыентацыі навучэнцаў і падрыхтоўцы да паступлення.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі паразважалі і аб тым, што з цягам часу моладзевы фестываль-конкурс “Медыясфера-2024” можа набыць міжнародны фармат.

Актуальную тэму выкарыстання нейрасетак узняў намеснік начальніка Рэспубліканскага моладзевага цэнтра Антон Сарокін. Ён выказаў сваё меркаванне аб тым, што “алгарытмы” ніколі не заменяць чалавека, інакш назаўжы адыдзе аўтарская журналістыка, артыкулы, праекты, навіны будуць пазбаўлены індывідуальнасці і наогул самой “чалавечнасці”. Разам з тым нейрасеткі могуць выкарыстоўвацца ў розных сферах, у тым ліку ў журналістыцы, аднак без аўтара яны нічога сабой не ўяўляюць.

Падводзячы вынікі размовы, Антон Іванавіч назваў фестываль-конкурс “Медыясфера” “вялікай і важнай справай” не толькі для Гродзенскага рэгіёна, але і для краіны ў цэлым. Ён выказаў спадзяванне, што фестываль выйдзе і на пляцоўку Саюзнай дзяржавы.

Дарэчы, у рамках VI Рэспубліканскага моладзевага фестывалю-конкурсу “Медыясфера-2024” пройдзе фінал медыяадукацыйнай анлайн-гульні “Аўтограф”. Удзел у ёй у Гродне прымуць дзятлаўчане. Гэта пяць адзінаццацікласнікаў Дварэцкай сярэдняй школы Вераніка Губко, Уладзіслаў Кашко, Любоў Ляўшук, Анастасія Сідорчык, Павел Мацюк на чале з педагогам установы Віталем Халюковым.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga