6 красавіка ў рамках акцыі “Разам для зялёнай Беларусі!” з ініцыятывы Мінпрыроды ў нашай краіне прайшоў адзіны дзень азелянення.
На Дзятлаўшчыне ён стартаваў на тэрыторыі сярэдняй школы № 1, прадоўжыўся ў гімназіі № 1 горада Дзятлава і па вуліцы Прытыцкага ў самым густанаселеным мікрараёне шматпавярховак, дзе былі высаджаны маладзенькія ліпкі і клёны. Педагогі, навучэнцы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў і нераўнадушныя дзятлаўчане змаглі прыняць актыўны ўдзел у мерапрыемстве і зрабіць свой пасільны ўклад у агульную справу па захаванні прыроды роднага краю.
– Паважаныя рабяты, штогод Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя вясной і восенню ініцыіруе акцыі па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні населеных пунктаў, – дала старт працоўнаму дэсанту першай школы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Соф’я Бомбер. – Адметна, што менавіта ў Год якасці ведамствам аб’яўлена экалагічная акцыя “Разам для зялёнай Беларусі!”, удзельнікамі якой мы з вамі з’яўляемся. Маладзенькія туі каля школы стануць нашым укладам у азеляненне роднай старонкі.
– Мы рады, што ў рамках акцыі “Разам для зялёнай Беларусі!” у нашых гімназістаў-выпускнікоў ёсць магчымасць падарыць на памяць любімай установе дэкаратыўныя дрэўцы і кусты, – адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 1 горада Дзятлава Марына Сербін. – Няхай яны радуюць наступныя пакаленні гімназістаў.
– Дзякуючы актыўнаму ўдзелу грамадзян, у гарадах і сельскай мясцовасці нашай краіны плошча зялёных тэрыторый пастаянна расце, – расказаў удзельнікам адзінага дня азелянення начальнік Дзятлаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі. – Вось і сёння да акцыі далучыліся школьнікі, актывісты грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі працоўных калектываў, усе, хто пажадаў зрабіць свае ўстановы і свой горад яшчэ больш прыгожымі. Усяго за 2023 год у населеных пунктах Дзятлаўшчыны высаджана 523 дрэўцы, 411 кустоў, узровень азелянення склаў 43 %.
– Заўсёды важна і неабходна займацца добраўпарадкаваннем малой радзімы, блізкага сэрцу куточка, – выказала сваё меркаванне Марына Абрамчык, якая на акцыі прадстаўляла раённую грамадскую арганізацыю “Белая Русь”. – Кожнае пасаджанае дрэва – гэта ўклад у экалагічны дабрабыт, значыць, – у нашу будучыню. Саджаючы дрэвы, мы пакідаем свой след на Зямлі. Я ўпэўнена, што нашы ліпкі і клёны будуць расці доўгія гады на радасць усім дзятлаўчанам.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga