Эпідэміялагічная сітуацыя па захваральнасці на гепатыт А (хваробу Боткіна) у Беларусі працягвае заставацца няўстойлівай.
З пачатку года на Гродзеншчыне зарэгістраваны 47 выпадкаў гэтага захворвання, 2 з іх – у Дзятлаўскім раёне.
Дзятлаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі праводзіць шырокую тлумачальную работу з насельніцтвам аб прыродзе інфекцыі, шляхах яе перадачы і прафілактыцы. Чарговымі мерапрыемствамі сталі семінар з работнікамі грамадскага харчавання і гандлю Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, сустрэчы ў раённым Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і гандлёвых аб’ектах.
– Па выніках аператыўнага эпідэміялагічнага аналізу ў цяперашні час пераважае кантактна-бытавы шлях перадачы інфекцыі, у тым ліку – праз прадметы навакольнага асяроддзя на прадпрыемствах гандлю і грамадскага харчавання. Акрамя таго, фарміраванне ачагоў гепатыту А сярод персаналу такіх аб’ектаў нясе рызыку заражэння харчовай прадукцыі і ўзнікнення групавога захворвання, – адзначыла інструктар-валеолаг Дзятлаўскага райЦГЭ Наталля Юрэня.
Спецыялісты звярнулі ўвагу на неабходнасць дадатковых санітарных мерапрыемстваў па прафілактыцы віруснага гепатыту А, своечасовую вакцынацыю, нагадалі аб правілах асабістай гігіены, прыбіранні вытворчых памяшканняў, выкарыстанні аднаразовых пальчатак пры гатаванні страў. Усё гэта можа стаць надзейным бар’ерам у папярэджанні захворвання.
Для наведвальнікаў магазіна “Еўраопт” і калектыву Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва быў праведзены дзень інфармавання “Як абараніць сябе ад віруснага гепатыту А”.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga