ГрадусПлюс. Калі дапамога не на карысць

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Многія з нас – спагадлівыя людзі, гатовыя прыйсці на паратунак бліжняму.

Аднак наважваючыся на добрую справу, заўжды адэкватна ацэньвайце свае адказнасць і свядомасць.

На Дзятлаўшчыне прадаўжаюцца вясновыя палявыя работы, калі надзвычай важна не запазніцца і захаваць аптымальныя тэрміны. Тут асабліва актуальнымі становяцца падтрымка і дапамога землякоў. Механізатар адной з арганізацый раёна так дапамог у вясновых палявых работах сельгаспрадпрыемству, што пацярпеў сам.

Як паведамілі ў міжраённым аддзеле ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў, дзятлаўчанін, які кіраваў трактарам, быў спынены для праверкі дакументаў. У час мерапрыемстваў інспектар ДАІ пачуў пах алкаголю і прапанаваў вадзіцелю “дыхнуць у трубачку”. Аналіз выдыхаемага паветра выявіў утрыманне да 0,8 праміле алкаголю і паказанні да медыцынскага асведчання, быў складзены пратакол.

Як вынік – штраф у 100 базавых велічыняў і пазбаўленне права ваджэння на 3 гады.

Дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў Андрэй Іскра заўважае, што ў перыяд правядзення сельскагаспадарчых работ спецыяльны транспарт арганізацый і прадпрыемстваў на асаблівым кантролі:

– Транспарт сельгаспрадпрыемстваў, які ўдзельнічае ў дарожным руху, правяраецца дзяржаўтаінспектарамі ў час нясення дзяжурстваў: звяртаецца ўвага на тэхнічны стан (светлавыя прыборы, тармазная сістэма), наяўнасць допуску да ўдзелу ў дарожным руху, пуцявых лістоў, фізічны стан саміх вадзіцеляў. Калі за выпуск на лінію тэхнічна няспраўнага транспартнага сродка або адсутнасць тэхагляду адміністрацыйную адказнасць нясуць кіруючыя асобы і юрыдычная асоба-працадаўца, то кіраванне аўтамабілем або трактарам у стане алкагольнага ап’янення – найперш сфера адказнасці вадзіцеля.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga