ГрадусПлюс. 17 тысяч за каханне

Важнае Здарэнні і бяспека

“Сялянка, хочаш вялікага, але чыстага кахання?” – пытаўся герой аднаго вядомага фільма. – “А хто ж яго не хоча…”

Сумна, але ў імкненні да асабістага шчасця сучасныя жанчыны сустракаюць не толькі так сабе рыцараў, але нават махляроў, якія рады пажывіцца на наіўнасці і пошуках абранніка жыцця.

Так, жыхарка аднаго з сельскіх населеных пунктаў нашага раёна пазнаёмілася на прасторах Інтэрнэту з мужчынам, з якім падтрымлівала дыялог у сацыяльных сетках TikTok і WhatsApp на працягу паўгода. Шчасце было такім магчымым, а сустрэча зусім блізкай, дзятлаўчанцы толькі трэба было дапамагчы кавалеру вырашыць часовыя фінансавыя складанасці і аплаціць дарогу з Расійскай Федэрацыі ў Беларусь. Жанчына пералічыла на банкаўскі рахунак знаёмага звыш 17 тысяч беларускіх рублёў, у тым ліку ўзяўшы крэдыты ў банку, і стала чакаць сустрэчы. А калі каханага і след прастыў, звярнулася з заявай у міліцыю.

У райаддзеле ўнутраных спраў райвыканкама адзначаюць, што, нягледзячы на ўсе папярэджанні і перасцярогі, гэты выпадак далёка не адзіны на Дзятлаўшчыне. Махляры лоўка “гуляюць” на асабістых пачуццях і новых тэхналогіях, выдумваючы ўсё новыя спосабы завалодаць чужымі грашыма.

Аб навінках махлярскай “індустрыі” расказвае оперупаўнаважаны АУС райвыканкама Віорыка Сербін:

– Сёння ўжо не так актуальныя схемы з завалодваннем чужымі нумарамі пластыкавых картак. Што тычыцца аўдыторыі старэйшага ўзросту, тут па-ранейшаму праз тэлефонныя званкі дзейнічаюць вопытныя псіхолагі, падманам або запалохваннем (з далучэннем быццам бы спецслужб) вымушаючы пералічваць асабістыя грошы на патрэбны рахунак, часам нават браць крэдыты. Маладому пакаленню актыўна прапаноўваюць “лёгкі” заробак у сферы трэйдзінгу на рынку крыптавалют. У распрацоўцы райаддзела ёсць крымінальная справа, звязаная з каханнем, крыптавалютай і махлярствам. Жыхар раёна падтрымліваў стасункі ў сацыяльных сетках з дзяўчынай, якая прапанавала яму выгадны спосаб зарабіць на крыпце з абяцаннем дапамагчы ў гэтай справе. У выніку мужчына праз падстаўную платформу, якую прапанавала знаёмая, на працягу некаторага часу пералічыў суму эквівалентную звыш 10 тысячам долараў ЗША.

Апроч гэтага, хочацца дадаць, калі нехта не ведаў, што ў Беларусі аперацыі з крыптавалютай забаронены і кваліфікуюцца як незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць. Так што вы можаце ад махляроў пацярпець, а затым і самі пакаранне атрымаць за супрацьпраўныя дзеянні.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga